Читать «На крыжах» онлайн - страница 11

Васіль Быкаў

Аднак што ж вынікае з дадзенай акалічнасці, які ўрок можа засвоіць з яе літаратура? Мне думаецца, найперш той, што свой кожны радок, кожнае слова і вобраз пісьменнік павінен адрасаваць народу, выказваць ягоныя клопаты і ягоны боль і рабіць гэта з гранічнай праўдзівасцю. Могуць запытацца: а як уведаць пра гэтыя клопаты і гэты народны боль — з народам жа не параішся? На жаль, не параішся, гэта праўда, але тут трэба даверыцца таленту, калі толькі ён ёсць. (Талент, між іншым, тым і адрозніваецца ад няталенту, што выдатна адчувае народны клопат, бо сам ім жыве, а зусім не тым, што ўмее прыгожа апісаць усход сонца ці зіхаценне расы на аксамітнай траве, як нядаўна яшчэ лічылі некаторыя вучоныя кніжнікі.) Яшчэ трэба памятаць, што талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду, якая ёсць у гісторыі кожнага народа. Канешне, няма ніякай гарантыі таго, што аўтара неадкладна засыплюць кветкамі (могуць закідаць і каменнем), але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму той жа народ паставіць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада. Але гэта пасля, бо пры жыцці «нет пророка в отечестве своем» — ісціна, добра вядомая з часоў першых хрысціян, і кожны з нас, творцаў, павінен памятаць гэта.

Калі гаварыць яшчэ пра нашу беларускую літаратуру, дык мне здаецца, што пры наяўнасці несумненных талентаў і сапраўды значных твораў ёй усё ж моцна шкодзіць пэўны рацыяналізм, галаўны, калі можна так сказаць, падыход да многіх з'яў жыцця і мастацтва. Асабліва прыкра, што гэты недахоп паступова, але няўхільна запаноўвае таксама і ў нашай паэзіі. Мала непасрэднасці светаўспрымання, арганічнасці пачуцця. Сярод вялікае колькасці паэтычных радкоў і зборнікаў апошніх гадоў дужа мала, аднак, водбліскаў той страсці, якая хвалюе свет, грамадства і якая заўжды так ярка вызначае вершы нашага старэйшага і заўжды маладога Пімена Панчанкі, ці няўрымслівага Генадзя Бураўкіна, ці чараўніка беларускага слова Рыгора Барадуліна, той мудрай шчырасці адчування, якая сціпла і добра жыве ў радках таленавітай Жэні Янішчыц, той нечаканай стыхійнай натуральнасці, што ёсць у вершах маладога Леаніда Галубовіча. Што датычыць прозы, дык, няледзячы на паяўленне цэлага рада сапраўды добрых кніг на тэмы сучаснасці, вайны, публіцыстычных і драматургічных твораў, галоўная кніга накшталт мележаўскай эпапеі яшчэ усё наперадзе. У нашай літаратуры застаецца белая пляма на месцы незабыўнага Уладзіміра Караткевіча, чалавечы лёс да якога, дарэчы, паставіўся так няўдзячна. Але, мабыць, так ужо заведзена на белым свеце, што да сапраўдных апосталаў дабра і справядлівасці лёс заўжды ставіца няўдзячна: перш іх распінае, каб затым узвысіць...

І тут я хачу кінуць папрок маладым, тым, што увайшлі ў літаратуру і ўжо набылі літаратурнае імя, а таксама тым, хто ў яе ўваходзіць. Здаўна было так у нашай літаратуры, што яе аблічча ў значнай меры абнаўлялі маладыя, якія нярэдка, часам, можа, і залішне катэгарычна, адвяргалі пісьменніцкі кансерватызм старэйшых, смела ўрываліся ў трудную сацыяльнасць жыцця, даволі плённа для сябе, а галоўнае для літаратуры ўступалі ў жыццёвыя канфлікты сучаснасці. На жаль, цяпер гэтая справа выглядае інакш: некаторыя нашы маладыя самі дужа лёгка і ахвотна засвойваюць ахраніцельскі кансерватызм, уласцівы старэйшым пакаленням, і калі распачынаюць канфлікты са старэйшымі, дык зусім не на літаратурнай глебе.