Читать «На крыжах» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

На крыжах

Выступленні, артыкулы, інтэрв'ю

На крыжах: Выступленні, артыкулы, інтэрв'ю. — Мн.: Беларусь, 1992. — 271 с. — (Сер. «Плошча Свабоды»),

ВЫСТУПЛЕННЕ НА V З'ЕЗДЗЕ СП БССР

Чэрвень 1966 г.

Можна шмат гаварыць пра поспехі беларускай літаратуры ў духу некаторых учарашніх дакладчыкаў, але мне здаецца, што наш з'езд Саюза пісьменнікаў усё ж не юбілейны, і таму лепей гаварыць пра іншае.

Шкада, але я не магу пагадзіцца з выказаным тут аптымізмам адносна выдатных дасягненняў нашай літаратуры. Усім вядома, як крытыкавалася літаратура на XXIII з'ездзе партыі. Два гады запар камітэт па прэміях не прысуджае прэміі ў галіне літаратуры. Літаратура не толькі траціць павагу да сябе з боку кіраўніцтва, але і губляе сілу ў барацьбе за чытача, якога сотнямі тысяч адбіраюць у нас стадыёны ў якасці нечуванай, я б сказаў ганебнай, для цывілізацыі з'явы — арміі агалцелых балельшчыкаў. Не ведаю, як каго, мяне, ж гэтыя факты наводзяць на сумныя развагі. І сапраўды, як гэта атрымалася, што наша літаратура, якая заўжды ўражвала чалавецтва геніяльнасцю сваіх твораў, дажылася да таго, што за два гады не знаходзіцца кнігі, якую можна было б адзначыць Дзяржаўнай прэміяй? У чым справа? У чым справа таксама, што нашы нацыянальныя прэміі, мякка кажучы, зусім не ў пашане, і то прысуджаюцца, то пра іх нібыта «забываюць, і месяцы не чуваць, што вылучана і калі будзе прысуджэнне.

Па ўсім відаць, нашая літаратура перажывае крызіс. І гэта, можа, каму-небудзь падасца дзіўным: столькі пра яе гавораць, праяўляецца такі клопат. Чаму ж тое дзіця такое хілае?

Мне здаецца, што прычыны таго заняпаду ляжаць якраз там, дзе планаваліся поспехі. Адбылася вельмі простая з'ява: у адносінах да літаратуры дзесьці згублена мера, ёю закіравалі, яе заняньчылі.

Калі ў гаспадарцы валюнтарызм неяк асуджаны, дык у літаратуры ён дагэтуль у пышным росквіце. У народнай гаспадарцы ўжо не так камандуюць, як у літаратуры. Вытворчыя адносіны там намагаюць ладзіць з некаторай натуральнасцю і заканамернасцю. Літаратура ж застаецца тым, чым была сельская гаспадарка ў нядаўнім мінулым, — кожны мае да яе адносіны і пры выпадку не супроць патаптаць яе і без таго не надта ўрадлівы агарод.

Але вельмі і вельмі памыляюцца тыя, хто лічыць, што ў мастацтве і літаратуры няма няўмольных законаў, што іх можна папіхаць, як захочацца. На жаль ці на шчасце, такія законы ёсць.

Галоўная цяжкасць для мастака заключаецца ў тым, што законы мастацтва нярэдка не супадаюць з дзеючымі на кожным этапе законамі грамадскага жыцця. Больш таго, яны амаль заўсёды ў супроцьстаянні. У жыцці ідэальнае грамадства тое, дзе як мага меней канфліктаў, а ў мастацтве наадварот. Для жыцця найлепей характары роўныя і празрыстыя, а для мастацтва — складаныя і супярэчлівыя. Мастак у творы або раздвойваецца паміж гэтымі рознаскіраванымі мэтамі, або схіляецца ў нейкі адзін бок. Вось чаму нават для самага вопытнага празаіка пісаць кожную новую кнігу — значыць пачынаць усё спачатку. Увесь яго ранейшы вопыт траціць сваё значэнне, ён заўжды бездапаможны, калі новы жыццёвы матэрыял увасабляецца ў пэўныя мастацкія формы. Прытым немагчыма падпарадкаваць законы мастацтва законам жыцця, таксама як і наадварот. Патрэбна гармонія, мера, тое, што прынята называць мастацтвам і што вызначаецца толькі талентам мастака. Ажыццяўляць дыктат у гэтай справе абсалютна немагчыма без таго, каб не задушыць мастацтва.