Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 9

Адам Глёбус

Вось так мы i жывём утраiх у адным пакойчыку, другi праветрываецца. Калi-небудзь пах выветрыцца. Дзякуй Богу, няма ў гэтым свеце вечнага.

Сіні пад'езд

— Вось папера. Бяры i пiшы, як i чаму ты забiў чалавека, — загадаў следчы.

— Пiсаць толькi пра забойства цi пра Сiнi пад'езд таксама? — перапытаў Тарас.

— Пiшы пра ўсё. Чым болей — тым лепей.

* * *

Цяпер я — вырадак i забойца.

А раней кнiгi любiў, не часопiсы i газеты, а кнiгi. Спынiўся, упаў, разгарнуў, i цябе няма, i ўсё адно, якi ўздымаюць сцяг. Ты далёка-далёка. Мора, белая лодачка плыве...

Та-ара-ас!!! Гэта мяне. Далей, далей ад свайго iмя, ад клiчу, ад загаду. I можна ўцячы. А як збегчы ад нянавiсцi да самога сябе, ад уласнай баязлiвасцi, ад калецтва?

Вырадак! I лепш пра мяне не скажаш. Баюся, што не пераадолею сваiх вар'яцкiх намераў. Вось з iх i пачалося...