Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 8

Адам Глёбус

* * *

Мы зрабiлi рапарацыю i перабралiся ў вялiкую, ажно чатыры пакоi на чатырох дарослых, кватэру на пятым паверсе ў пасляваенным, будаваным палоннымi немцамi, доме. Дом быў з пiлястрамi, якiя так ненавiдзяць, ведаю па сябрах, сучасныя архiтэктары неамадэрнiсты. Дзякуй бацьку: мы зажылi пад высокай столлю. Не ведаю, як у бацькi атрымалася, але ён напiсаў, усе казалi, "генi-i-я-яльны" кiнасцэнарый. Фiльм атрымаў прыз, бацька — прэмiю, мы пераехалi ў новую, для нашае сям'i новую, кватэру. Нарэшце ў мяне з'явiўся свой асобны пакой, дзе i прыйшла да мяне думка вучыцца на архiтэктара i будаваць дамы. Мець свой уласны дом, не пакой, не кватэру, не падводную лодку, а менавiта дом, я хацеў з дзяцiнства. Дарэчы, i зараз хачу. Мне трыццаць гадоў, i я не магу мець свой дом. Я нават марыў закапаць у лесе аўтобус i ў iм жыць. Хай у лесе, хай пад зямлёю, хай не дом, а аўтобус, але ж асобны i мой.

Вучоба на архiтэктурным факультэце хутка скончылася. Ідэалы разбiлiся аб пачуццё нацыянальнага доўгу, пасля размеркавання я пачаў працаваць у рэстаўрацыйных майстэрнях. Замест таго, каб узводзiць новае, я рапараваў старое. Зрэшты, па маладосцi мне падабалася працаваць з напаўразбуранымi хрысцiянскiмi саборамi. Я рэстаўраваў вежы i купалы, а мой уласны пакой пачаў развальвацца. Каля самага дома пракладалi метро. Забiвалiся ў зямлю высачэзныя палi, а на столi ў нашай кватэры плялася павута з трэшчын. Аконная рама не вытрымала грукату i вiбрацыi i вывалiлася: добра, што ў пакой, i добра, што ў iм нiкога не было. Паглядзець на раму прыйшла камiсiя, старшыня якой запэўнiў, што ў хуткiм часе мы пераедзем у дом, дзе не будуць вывальвацца аконныя рамы.

* * *

У чарговую, спадзяюся, не апошнюю, кватэру я перабраўся з дачкою i жонкаю. Нам далi два пакойчыкi, на ўскраiне Мiнска, у двухпавярховым дамку.

Да нас у гэтай мiкракватэры жыў iнвалiд. Ён перасоўваўся па зямлi з дапамогаю адмысловых кавенек i пазiраў на суразмоўцаў праз мутныя цяжкiя акуляры. Інвалiд нам нiчога не сказаў пра пах, што стаяў у адным з пакояў. У мяне ад нараджэння своеасаблiвае стаўленне да водару: па адным паху ў вiтальнi магу пазнаць, хто ёсць у кватэры. Адэкалоны, духi, дэзадаранты, крамы бытавой хiмii з iх ацэтонамi i лакамi даводзяць мяне да вар'яцкага стану. А тут раптам у сваёй кватэры натуралёвы пах разлажэння, нiбыта пасярод пакоя другi тыдзень ляжыць мёртвы пацук. Знайсцi ж крынiцу атрутнага смуроду было зусiм не проста. Спачатку я вынес з прапахлага пакоя ўсю мэблю: выцягнуў i стол, i шафу, i канапу. Абследаваў усе куты, але нi ў адным з iх не пахла больш, чым у другiм. "Водар смерцi" нiбыта расплываўся з цэнтра ў куты. Празрысты, цяжкi, жахлiвы пах вiсеў у пустым пакоi. Кватэру мы атрымалi на першым паверсе, таму давялося абследаваць i сутарэннi, перанаселеныя коткамi i катамi, не раўнуючы, што чалавекамi сталiчны Мiнск. У сутарэннях я шукаў цэлы дзень, але жаданых вынiкаў не было. У суседзяў, што жылi над пахучым пакойчыкам, на iх шчасце, нiчым не пахла. Змэнчаны безвынiковымi пошукамi, я затэлефанаваў iнвалiду. Той сказаў, што першы раз чуе пра смурод, што ён пятнаццаць гадоў спаў у гэтым пакоi i нiчога не чуў. Інфармацыя, што iшла ад iнвалiда, пярэчыла сцвярджэнню маёй суседкi па пляцоўцы. Тая сказала, што кватэра смярдзiць усе пятнаццаць гадоў. Версiй i здагадак з кожным днём было ўсё больш, а пах заставаўся. Нарэшце я выразаў нажом вялiкi кавалак тынку разам са шпалерамi, паклаў яго у цэлафанавы пакет i занёс знаёмаму следчаму, якi абяцаў зрабiць экспертызу. Абяцаў i, што прыемна, зрабiў. У лабараторыi высветлiлася: у шпалерны клей налiлi карбафосу — атруты, якой палiваюць сады. Як я раззлаваўся на iнвалiда! Атруцiў, прасмуродзiў пакой i маўчаў! Мыў я сцены, здзiраў шпалеры, палiваў кiслатою тынк... Але пах знiк толькi напалову. Калi надвор'е сухое, дык у пакоi не пахне, а як толькi дождж цi туман, дык хоць з кватэры ўцякай. Раз сустрэў я iнвалiда, ён прызнаўся, што лiў у клей карбафос, толькi замест прабачэння сказаў: "А каб я не налiў у клей атруты, дык цябе разам з дачкою i жонкаю з'елi б прусакi". Як хацелася ўдарыць яго! Стрываў: iнвалiд, спачуванне, мараль.