Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 10

Адам Глёбус

Раптам у мяне з'явiлася неадольнае жаданне схапiць нож i ўдарыць у жаночую шыю крышку вышэй ключыцы.

Яна мыла посуд, а я пiў гарбату. Яна толькi што запарыла свежую гарбату ў парцаляным iмбрычку. Я схапiў цыгарэты i ўбачыў, як у мяне калоцяцца рукi. Закурыў. Жаданне зарэзаць чалавека перавярнулася ў сполах. Забаяўся самога сябе. Спалохаўся.

I не было каму пярэпалах загаварыць. Яе звалi Рыта. Тупое iмя, нiбыта старое рыдлёвачнае дзяржальна. Рры-та-та-та. I ўся тупасць у "та-та-та". А твар у яе быў круглы i чысты, як зiмовая поўня. Пастава — пругкая, зграбная. Сцёгны шыракаватыя, але гэта як каму.

— Ты ж не пакрыўдзiўся, праўда? — Рыта гаварыла да сушылкi, куды састаўляла посуд. — Ты ж адзiны, каму можна ўсё расказаць. За гэта i люблю цябе.

Яна азiрнулася. Вочы ў яе былi, што ў казулi перасоўнага заацырка.

— Ну хочаш, я аддам табе грошы? — Яна выцiрала паружавелыя ад вады рукi.

— Грошы твае.

— Давай тады падзелiм напапалам.

Рыцiна iнфантыльнасць была бязмежная. Яна мяне абяззбройвала, як i ружовасць яе пальцаў. I жаданне ўдарыць мокрым нажом у белую шыю падалося мне смешным...

* * *

Посуд Рыта мыла ранiцай, а напярэдаднi ўвечары я пайшоў у бар.

Пасля сямi я звычайна хадзiў у бар, калi не iшоў у кiно. Канцэрты, тэатры, стадыёны — не маё. Цырк перарос, а шкада. Любiў блазнаў. Уга-гi-га-го... Сам хацеў на арэну ў велiзарных чаравiках выбягаць. Не выйшла. Мая арэна — склад на РВП "Кiнатэхпрам". Замест стракатага камбiнезона ды рудога кудлатага парыка — сiнi халат ды чорны берэт. А пасля сямi — бар.

Рыта сядзела за столiкам пад адчыненым акном, i над яе буйнымi рудымi кудзерамi мiльгалi i пастуквалi абцасы, — бар у сутарэннях.

— Паставiш вiна? — замест прывiтання кiнула яна мне.

— Заўтра, i то з умоваю, што сёння пойдзем да мяне.

— А што, зусiм нi капейкi?

— Так, дробязь. Заўтра атрымаю.

Рыта ўзняла густанаведзеныя бровы i сцяла вусны.

— Зараз знойдзем, — я паспрабаваў прагнаць Рыцiна расчараванне, хацелася, каб яе вусны ўсмiхалiся.

— Добра, сягоння iду да цябе. Толькi ты нiчога не думай i не кажы.

Да нас за стол падсеў Сяржук. Рот да вушэй. Усмешка крыху адцягвала ўвагу ад вялiзнага носа, i ён навучыўся насiць яе амаль заўсёды.

Раней Сяржук хадзiў з Рытаю. Гэта ён прывёў яе ў наш бар. Потым яны пасварылiся, але гэта мала што змянiла, таму мне зрабiлася непрыемна ад насатае ўсмешкi i Рыцiнай радасцi. Трэба было адразу паслаць iх куды падалей.

— Скiнемся? — Сяржук паказаў роўныя, як нежывыя, зубы.

Мы паслухмяна вывернулi кiшэнi. Дробязi назбiралася толькi на сок. Вось тады Сяржук i прапанаваў прадаць Рыту. I я ўзрадаваўся. Сапраўды.

Угаворвалi доўга. Яна пiла сок з лёдам праз саломiнку i ўсё скардзiлася, што баiцца. Мы запэўнiвалi, што нiчога страшнага не здарыцца, калi яна зробiць усё, як мы скажам. Мне абрыдлi ўгаворваннi, а Сяржук зазлаваў i папярэдзiў: калi яна зараз адмовiцца, дык вылецiць з бара праз акно i больш сюды не зойдзе.

Мне ўявiлася, як напаўаголеная Рыта заходзiць у бар, як усе прысутныя паварочваюць галовы i вымаўляюць доўгае "о".

Рыта згадзiлася.

— Чорт з вамi, жабракi, — яна пусцiла бурбалкi ў шклянцы з сокам.