Читать «Смерць — мужчына» онлайн - страница 7

Адам Глёбус

А вось нашых суседзяў Машыцкiх пасадзiлi ўсiх адразу, i яны страцiлi кватэру i мiнскую прапiску. Іван Машыцкi "сеў на белага каня". Ён дапiўся да зялёных чорцiкаў уваччу, схапiў малаток i ўдарыў iм сваю жонку Тамару. Пiлi яны ўночы разам, на кухнi, не раўнуючы, як сапраўдныя паэты. Іван быў у адных майтках, а Тамара ў камбiнацыi на голае цела. Калi Іван ударыў жонку, тая ўскочыла i кiнулася да дзвярэй, але, пакуль яна паспела выбегчы на пляцоўку, ён разарваў камбiнацыю. Разарваў, вядома, незнарок — хацеў спынiць. Аголеная Тамара пазванiла ў нашу кватэру i так закрычала, што адчынiлiся ўсе дзверы на лесвiчнай пляцоўцы. Першы выглянуў Шарлюкевiч, дзiвак, якi ў свае сорак гадоў быў выдатнiкам у дзевятым класе вячэрняй школы. Тамара кiнулася да Шарлюкевiча, той спалохаўся i абняў аголеную жанчыну. Іван на вачах у суседзяў апусцiў цяжкi малаток на галаву выдатнiка. Той раскiнуў рукi, асеў i выпрастаўся на падлозе. Аголеная Тамара пераскочыла праз нерухомае цела i зачынiлася ў халасцяцкай кватэры Шарлюкевiча. Івана за няправiльнае выкарыстанне малатка забралi i пасадзiлi. Тамару адправiлi ў лячэбна-працоўны прафiлакторый, бо прызналi хранiчнай алкагалiчкаю. Кватэра Машыцкiх колькi месяцаў пастаяла пустою, а потым туды засялiўся геадэзiст, якога амаль нiхто, амаль нiколi не чуў i не бачыў.

А вось як крычалi каты Рэцкiх, чулi многiя. Працавала Рэцкая на заводзе па вытворчасцi лакаў i фарбаў, i таму падлога, дзверы i аконныя рамы ў яе кватэры заўсёды блiшчалi. Катоў у Рэцкай было два. Першы, руды i пасясты, баяўся вулiцы. Аднойчы яго вынеслi ў двор i пусцiлi на зямлю, дык ён скочыў на гаспадыню, як на дрэва, i праз хвiлю сядзеў ужо на галаве i крычаў так, нiбыта з яго жывога шкуру пачалi здымаць. Потым, праўда, кот пацiху прывык да вулiцы, але далей як на метр ад гаспадынiных ног не адыходзiў. Аднаго разу Рэцкая са сваiм рудым катом вярталася з прагулкi дадому. Яны чакалi лiфт.

Лiфт прыйшоў, замок шчоўкнуў, дзверы рассунулiся, i з кабiны выскачыў Паўлiк са сваiм сабакам — баксёрам Чарлi. Сабака наступiў лапаю на ката i адкусiў яму галаву. Нi Рэцкая, нi Паўлiк спачатку не зразумелi, што адбылося, а калi зразумелi i Рэцкая замахнулася на баксёра, дык той так гаўкнуў, што Паўлiк самлеў са страху. Беднага нястрыманага Чарлi ўсыпiлi, бо Рэцкая панапiсвала лiсты ў розныя iнстанцыi, што сабака ледзь не загрыз яе. А каб не гараваць без рудога пасястага, яна прыдбала на конскiм кiрмашы сiямскую котку. Блакiтнавокая котка любiла сядзець на падваконнi i глядзець на вiнзавод — комiны, карпусы, цыстэрны, бочкi, горы яблыкаў i журавiн, машыны i людзi, маленькiя лiлiпуты (сёмы паверх). Калi фортачка была адчынена, котка разглядала краявiд не праз шыбiны, гэта яе i пагубiла. Рэцкая адчынiла дзверы, скразняк зачынiў фортачку. Як яна крычала! Жах! Не дай Божа пачуць такое. А ў тых, хто чуў, валасы на галовах уздыбiлiся. Упала котка на гастраномныя скрынi з-пад запалак, пад самым Таньчыным гаўбцом. Упала i не забiлася. Яе павезлi да ветэрынара i ўратавалi. Але ў нашым доме яе больш нiхто не бачыў, бо сiямскую котку гаспадыня завезла да бацькоў на вёску — якраз з Сiбiры вярнуўся муж Рэцкай, якi дух кацiны трываць не мог. Лiфцёрка ўсiм казала, што муж Рэцкай зарабiў i прывёз дзесяць тысяч рублёў, а цяпер збiраецца кiнуць сваю тоўстую жонку. Рэцкi не кiнуў жонку i не мог кiнуць, бо яна зусiм не тоўстая — цяжарная была. Неўзабаве ў iх нарадзiўся сын, але што з iм стала, не ведаю, бо ў нас усё змянiлася. Па-першае, мы атрымалi новую кватэру.