Читать «Дамавiкамерон» онлайн - страница 5

Адам Глёбус

Жанчына абняла i пацалавала яго.

— Няўжо нельга пачакаць? — здзiвiўся мужчына.

— Нельга. Я i так доўга чакала.

— Стоячы нязручна.

— Зручна.

Іскрыстыя пырскi ляцелi на чамадан, палiто, капялюш...

Мужчына расцёрся шорсткiм ручнiком, накiнуў халат i выйшаў у перадпакой. Ён прычэсваўся, калi пачуў, як паварочваецца ключ у замку ўваходных дзвярэй.

Калi жонка з боханам хлеба ў руках зайшла ў дом i ўбачыла знябожаны мужаў твар, яна здзiвiлася i сказала:

— Няўжо я цябе так моцна напалохала? — яна скiнула палiто. — Ведаеш, я тут усё падрыхтавала i раптам спахапiлася, што ў доме хлеба няма. Недарэчна выйшла...

— Чаму недарэчна? Нармальна, — муж вярнуўся ў лазнiцу, паглядзеў, як хутка правальваецца вада ў закрыжаваную адтулiну, закруцiў кран, паглядзеў на сябе ў люстра, пацiснуў плячыма i цiха, каб не бачыла жонка, вынес у перадпакой капялюш, палiто i валiзу.

VII. МАСАВІК

Масавiк агледзеў пустую залю i застаўся незадаволены. Ішла рэпетыцыя, а яму хацелася ў лес цi ў парк, дзе можна пасядзець каля фантана, а не кiраваць бяздарнымi твараробамi.

— Калi ласка, — дазволiў Масавiк.

Актор раскiнуў доўгiя рукi i магнiтафонным голасам сказаў:

— Ты мая далiгойла.

Акторка стала на дыбачкi, выструнiлася i прашаптала гучна, на ўсю залю, як i належыць, каб нават студэнты на балконе пачулi, вядома, калi прыйдуць:

— Ты мой абiзгал.

Абнялiся актор з акторкаю нязмушана, так, што нават Масавiку спадабалася. Актору было прыемна абдымаць акторку, яна падабалася яму. А вось ён, чамусьцi, ёй зусiм не падабаўся.

— Ласкава, — карэкцiраваў Масавiк.

— Твае вусны, як лулы, — пайшла рэплiка акторкi.

— Твае вочы, як жырдагоны, — актор не патрапiў у танальнасць, i замест "ласкава" ў яго атрымалася "сентыментальна i са слязою".

— Мы з табою нiбыта бусайлы, — у адзiн голас вымавiлi акторы i пацалавалiся. Яму было, вядома, салодка, а ёй, пэўна ж, горка.

— Тэмперамент! Дзе ваш тэмперамент? — абурыўся Масавiк, нiбыта яго хвалявала рэпетыцыя.

У п'есе была рэмарка — яны кусаюцца. Замест таго, каб сыграць укус, актор моцна пацалаваў акторку, а яна па-сапраўднаму ўкусiла актора за шчаку i крыкнула:

— Каб на цябе жырандоля грымнула!

— Каб ты кроўю смяялася, — млява адказаў той i пацёр кулаком пакусаную шчаку.

— Выразнасць! — Масавiк ударыў даланёю па мяккiм крэсле.

Акторы разбеглiся ў розныя куткi сцэны.

— А каб ты астыў, ты! — з натуральнай злосцю атрымалася ў акторкi, бо яна кахала Масавiка.

— А каб тваю труну зямля выкiнула! — з расейскiм акцэнтам крыкнуў актор, бо ён толькi першы год iграў у беларускiм тэатры i калi хваляваўся, дык быў не здатны сачыць за вымаўленнем.

— Жорстка трэба, жорстка i без акцэнту. У нас нацыянальны тэатр, — зазлаваў Масавiк.

— Ты, кiж-лун, — саркастычна кiнула акторка.

— А ты гла-ма-зда! — адсек актор.

Яны склалi фiгуры з пальцаў.

— Нюхай!

— Цалуй!

— Бэ-э-э, — яна свiдравала пальцам скронь.

— Э-э-э, — ён вывалiў язык.

Потым ён ускiнуў кулак i рушыў на яе. Яна зазванiла зубамi.

— Стоп! Стоп! Стоп! — замахаў рукамi Масавiк.

Акторы павярнулiся да яго i ў адзiн голас сказалi: "Кадук!"