Читать «Дамавiкамерон» онлайн - страница 3

Адам Глёбус

Дзверы ў лазню засталiся прачыненыя. На вулiцы крулявала лета. Шаравая маланка магла заляцець у лазню i спалiць яе разам з "карцiнамi". Так i здарылася.

На папялiшчы знайшлi вiдэлец, легкавую машыну афiцыйнага колеру знайшлi толькi праз тыдзень на беразе возера Свiцязь, а Вадзянiка дагэтуль небеспадстаўна шукаюць, бо дзверы трэба зачыняць.

IV. ДАМАВІК-2

Муж спаў, жонка чытала, калi ў дзверы пагрукалi. Яна паспрабавала пабудзiць мужа, але той не прачынаўся, ён спаў мёртвым сном. Пагрукалi зноў. Жонка крадком зiрнула ў дзвярное вочка. На пляцоўцы стаяў i глядзеў на яе Дамавiк. У Дамавiка быў твар добра знаёмага чалавека, чыё iмя яна нiяк не магла прыгадаць. Жанчына ўскрыкнула, але муж так i не прачнуўся.

Дамавiк дастаў з глыбокай кiшэнi свайго скуранога палiто вялiзную манiсту рознакалiберных ключоў, выбраў патрэбныя, адчынiў замкi i зайшоў у перадпакой, дзе сядзела на падлозе перапалоханая жанчына.

— Муж прачнецца, — яна баранiлася, як магла.

— Не прачнецца, ён спiць мёртвым сном, i можаш думаць, што ты ўдава.

У перадпакоi моцна запахла вiльготнай скурай. На вулiцы, пэўна, лiло як з вядра, бо Дамавiк быў ушчэнт мокры. Са скуранога крыса падалi на падлогу буйныя кроплi.

Дамавiк зняў капялюш, сцягнуў пальчаткi, скiнуў палiто... Вастраносыя боты ён паставiў побач з наваксаванымi чаравiкамi мужа.

— Толькi не тут, — папрасiла жанчына.

— Тут, — сказаў Дамавiк.

Калi б у падручнiку па бiялогii быў параграф "Дамавiк", дык, напэўна, можна было б прачытаць такi сказ: "Аднаўленне патомства ў Дамавiкоў адбываецца праз палавы акт". Але ў падручнiку такога параграфа няма, i таму тое, што адбывалася ў вiтальнi, назваць палавым актам нельга. Калi для жанчыны гэта i быў акт, дык для Дамавiка — форма дыпламатычных зносiн. Ён сам так лiчыў.

Калi жанчына адчула задавальненне, Дамавiк адхiнуў яе, апрануўся па-вайсковаму хутка i знiк.

Да самай ранiцы муж праспаў, як забiты.

Калi муж з жонкай снедалi, тая хацела расказаць пра Дамавiка i падаць гэтае здарэнне як жахлiвы сон, але перадумала, бо рэўнасць можа ўзнiкнуць i з-за апавядання пра сон.

V. ЛЯСУН

На каталiцкi Вялiкдзень студэнт i навучэнец са студэнткай паехалi ў лес.

Студэнт i навучэнец неслi ў рукавох кожны па дзве сямiсотграмовыя пляшкi вiна "Прамянiстае", а студэнтка несла пакет з хлебам i салодкiмi плiткамi.

У лесе ляжаў снег, i яны доўга iшлi да паляны, дзе, як сцвярджаў навучэнец, снегу не павiнна быць.

На доўгашуканай паляне снегу не было, яе засцiлала леташняя трава, высушаная велiкодным сонцам.

Першы тост выпiлi за ўваскрашэнне Ісуса Хрыста. Другi — за Збавiцеля. Трэцi — за любоў да блiжняга. Чацвёрты — за каханне...

Пакуль студэнт адкаркоўваў апошнюю пляшку, навучэнец заснуў. Студэнты выпiлi па глытку i заелi таннае вiно салодкiмi плiткамi.

— Быр-р-р! — пакруцiў галавою студэнт.

— Больш не хачу, ху-у, — прашаптала студэнтка.

— Пройдземся? — прапанаваў ён.

Яны iшлi па лесе, пакуль не выйшлi на паляну, дзе, як i на першай, не было снегу.

Ён заступiў ёй дарогу i спытаўся:

— Можна, я цябе пацалую?