Читать «Дамавiкамерон» онлайн - страница 6

Адам Глёбус

Масавiк знiякавеў.

— Ты мая далiгойла, — магнiтафонным голасам сказаў актор i шырока раскiнуў рукi.

— Ты мой абiзгал, — акторка стала на дыбачкi i выструнiлася.

І ў гэты момант, з-за недагляду рабочых сцэны, апусцiлася заслона.

VIII. МАЛЫ ЧАЛАВЕК

Афармiцель быў у гуморы. Ранiцай ён атрымаў ганарар за афорты да зборнiка паданняў. Удзень вярнуў пазыкi, а ўвечары гуляў па праспекце — спадзяваўся сустрэць знаёмага i адзначыць падзею. Ганарар, як-нiяк. Вядома, можна было затэлефанаваць цi зайсцi да сяброў, але тады страчвалася шчаслiвая доўгачаканасць, у якую верыў афармiцель. Ён начытаўся паданняў i быў упэўнены, што лесуны, дамавiкi i русалкi павiнны яму аддзячыць за свае партрэты ў тоўстым зборнiку.

Афармiцель праходзiў каля рэстарана, калi пачуў тонкi голас:

— Ідзi ў рэстаран.

Афармiцель азiрнуўся, але нiкога не заўважыў i пайшоў паўз рэстаранны партал.

— Вярнiся i зайдзi ў рэстаран, — загадаў тонкi голас.

Афармiцель глянуў пад ногi i ўбачыў Малога чалавека, што стаяў на тратуары. Малы чалавек быў велiчынёю з сярэдняга ката, калi таго паставiць на заднiя лапы. На iм быў спартовы строй, а за плячыма — рэчмяшок. Падабенства з катом надавалi вусы i вочы бутэлечнага колеру.

— Я Малы чалавек, — ён падмiргнуў кацiным вокам. — Мне даручылi арганiзаваць свята ўдзячнасцi. Звычайна я гэткiм часам бегаю, займаюся марафонам дзеля задавальнення, а не дзеля рэкордаў, як людзi. Але, калi трэба дапамагчы зрабiць гэты вечар святочным, дык дапаможам. Ідзi ў рэстаран.

Афармiцель не стаў спрачацца, шчаслiвая доўгачаканасць здарылася, i цяпер можна выпiць за яе.

— Хо-о, каго мы бачым! Няўжо генii ходзяць у рэстарацыi? — да афармiцеля праз усю залу крычаў былы аднакурснiк. — Давай да нас! Штрафную яму!

Афармiцель прайшоў да стала. Застолле было на добрым падпiтку, але з'яўленне новага кампаньёна ўспрыняло з насцярогаю. Хто iх ведае, гэтых цвярозых?

— Да дна! І закускi, — шумеў аднакурснiк. — Дзень варэння ў мяне, чацвёрты дзясятак размяняў. Гуляю, як магу. Паглядзi, якiя жанчыны.

Тыя апусцiлi вочы.

"Няблага атрымлiваецца ў Малога чалавека, — падумаў афармiцель. — Праўда, жанчыны маглi б быць i маладзейшыя, бо пасля другой чаркi я сябе адчую лiшнiм".

— За твае трыццаць гадоў, — афармiцель падняў поўную, як вока, чарку.

— За мяне тут пiлi-перапiлi. Прапаную выпiць за генiя, якi не грэбуе нашым сталом, а потым патанчыць.

Мужчыны выпiлi, жанчыны зрабiлi па глытку i пайшлi танчыць, афармiцель застаўся адзiн. Аркестр iграў без напругi.

Праз хвiлiну афармiцель курыў на ганку.

— Як? — спытаўся Малы чалавек.

Афармiцель глянуў на неба.

— Ідзi да рэчкi, там будзе лодка — пераедзеш на другi бераг. Тут два крокi да рэчкi, а там два крокi да гатэля. У гатэлi лепш, там бар i рэстаран.

Афармiцель праз сквер спусцiўся да Свiслачы. Каля берага стаяў човен. Побач па пояс у вадзе стаяў чалавек i намыльваў галаву. Ён паклаў мыла ў човен i сказаў да афармiцеля:

— Сто гадоў не купаўся, а тут узяў човен напракат i не вытрымаў. Вось як, а вада цёплая-цёплая, нiбыта ў дзяцiнстве.

Ён зайшоў у ваду па грудзi i нырнуў. Вынырнуў ён далёка, афармiцель засумняваўся, што гэты чалавек сто гадоў не плаваў. І мыла ў яго адкуль?