Читать «Дамавiкамерон» онлайн - страница 13

Адам Глёбус

— А што вы хочаце?

— Ты ўсё роўна не ведаеш, таму з табой нецiкава гаварыць. Лепш скажы, што табе трэба. Думаеш, я поўная iдыётка i не прасякла, на што ты мяне прывалок?

— Вы мне спадабалiся, — схлусiў Шрыфтавiк.

— Так i паверыла, з разгону, спадабалася. Кажы, што трэба, а не, дык дапiваю i сыходжу, — гандлярка вылiла рэшткi гарэлкi з пляшкi ў Шрыфтавiкову шклянку.

— Я хацеў намаляваць вас, — не здаваўся ён.

— Ну, тады чао-о, — яна выпiла паўшклянкi адным глытком i ўстала.

— Чакайце! А нашто вы сюды прыйшлi? Пэўна ж, не з-за таго, каб спытаць, чаго мне не хапае?

— Цiкава было паглядзець, як жывуць мастакi ў сапраўднасцi, бо нядаўна бачыла iх у кiно.

— Ну, i як жывуць мастакi?

— Бедна. Як усе звычайныя "саўкi", бедна.

Шрыфтавiк засмяяўся пасля гэтага кароткага вызначэння.

— А што? Можа, няпраўда? Паглядзi ў люстэрка. Цябе нiбыта з памыйнiцы выцягнулi. Нават у камiсухах можна лепей апрануцца. А мэбля? На якiм сметнiку ты яе адшукаў? І такiя ствараюць прыгажосць? Смешна! Гэта я з цябе павiнна смяяцца, а не ты з мяне. Сонейка.

— А вы жывяце багата?

— Ды мой станiк каштуе больш, чым усё, што на табе ёсць разам з тваiм будзiльнiкам фiрмы "Прамень".

— Няўжо ваш станiк з Парыжа?

Гандлярка схапiла за рыльца пляшку з-пад гарэлкi i ўзняла над галавою.

— Маўчаць! Сонейка.

— Спакойна. А цяпер я пералiчу, што мне з-пад вас трэба. Вы ж самi хацелi. Так?

— Давай! — гандлярка апусцiла пляшку.

— Кiтайская туш, набор галандскiх пэндзляў i венгерскiя фламастэры...

— Усё? — гандлярка пазяхнула.

— Не, не ўсё, яшчэ эстонскiя лiтрасеты.

— Заўтра прыйдзеш а дзясятай ранiцы, кошт падвойны.

— Няма пытанняў, — Шрыфтавiк налiў сабе "Рыслiнгу" i спытаўся: — Будзеш?

— Буду! І нефiг было ламацца, вобраз ён шукаў... Ёханы манэ.

Адказнае даручэнне Шрыфтавiк выканаў у прызначаны тэрмiн.

ХIV. ТУМАННІК

Каханкi вярталiся з возера ў горад.

— Туман, — сказала яна.

— Табе халодна? — спытаўся ён.

— Нiчога не вiдаць...

— Вазьмi маю куртку.

— А мы слушна iдзем?

— Калi праз хвiлiнаў пяць выйдзем на асфальт, — слушна.

— Праваруч павiнен быць завод. Калi мы iшлi на возера, я яго добра разгледзела.

— І што ты ўбачыла?

— Звычайны вайсковы завод, я не бачыла нiводнага чалавека.

— Якая драма?! Нават калi падыдзем да завода, дык нiчога не зможам даведацца. І пiльны вартавы нас можа забiць. У такiм тумане ён нас заўважыць у самы апошнi момант i адразу, без усялякiх папярэджанняў, стрэлiць. Нехта з нас, хай гэта буду я, загiне першы... Заўсёды нехта памiрае першы...

— Можна пайсцi ў другi бок.

— Лепш пачакай.

— Ты хочаш проста на сцежцы?

— Я хачу не проста, а на сцежцы.

— Як толькi мы пачнем, адразу нехта з'явiцца.

— Гэта будзе матэрыялiзацыя страху.

— Я не баюся, толькi лепш сысцi са сцежкi.

Каханкi пайшлi па высокай жнiвеньскай траве.

— Тут балота, — расчараваўся ён.

— Давай пяройдзем на другi бок, — прапанавала яна.

— А чаму ты голiш валасы пад пахамi i на жаночым месцы?

— Каб табе спадабацца.

— Цiха. Нешта жалезнае ўпала на асфальт.

— Нiчога не чую.

— Цiшэй. Слухай. Чуеш? Крокi... Наблiжаюцца... — каханак перайшоў на шэпт. — Нехта iдзе па сцежцы.