Читать «Дамавiкамерон» онлайн - страница 11

Адам Глёбус

— Хлопцы! Не трэба! Спынiцеся! Ён жа заб'ецца!

Хлопец крычаў, Антак з астатнiмi рагатаў. І ў гэты момант выскачыла на вулiцу Антакава мацi.

— Што ж вы робiце? Цi ж вы людзi, цi не?

Кабета падняла з зямлi свайго сына i пачала абтрасаць пыл. Хлопцы ўцяклi, толькi той, што прыдумаў вучыць нябогу бегаць, стаяў пасярод вулiцы.

— Дзякуй, што заступiўся. А то бачыш, што панавыдумлялi?! Хадзi сюды, нешта скажу.

Хлопец падышоў. Кабета ўзняла руку i дакранулася да хлопцавай стрыжанай патылiцы:

— Табе балiць галава. Ты чуеш, як табе моцна забалела галава?

Хлопец адчуў, як у яго забалела ў скронях.

— Чуеш?

— Так, — ледзь выцiснуў з сябе перапалоханы хлопец.

Кабета паклала далонь на хлопцаву патылiцу i сказала:

— А цяпер не балiць.

І сапраўды, перапалоханы адчуў прахалодную далонь i боль у скронях знiк.

— А цяпер слухай, i ты так можаш рабiць. Калi ў каго забалiць галава, дык прыкладзi хвораму да патылiцы, i боль праз цябе пройдзе ў зямлю. Гэта самае моцнае, што я табе аддаю. А яшчэ ты так можаш лячыць маркоту. І будзеш ты Чараўнiком. Гэта табе мая падзяка. Але Чараўнiком ты будзеш нядоўга, пакуль з Дзеўкаю не пагуляеш.

Кабета павяла свайго Антака ў адзiн канец вулiцы, а Чараўнiк пайшоў у другi.

Праз тры гады пасля таго вулiчнага здарэння Чараўнiк скончыў школу i паехаў у расейскi горад паступаць ва унiверсiтэт. Ехала паступаць шмат местачкоўцаў, а паступiлi толькi ўдваiх — Чараўнiк ды ягоная аднакласнiца — габрэйка.

Па дарозе ў расейскi горад з аднакласнiцаю адбылося пераўтварэнне, з Ірмы Розенкранц яна зрабiлася Ірынаю Стрыжонак. Пра гэты цуд ва унiверсiтэце ведаў толькi Чараўнiк. У iнтэрнацкiм калiдоры габрэйка папрасiла Чараўнiка, каб ён нiкому нiчога не казаў пра яе паходжанне. Чараўнiк паабяцаў, што, вядома, не скажа, i, каб запэўнiць яе, дакрануўся да патылiцы. Габрэйка змянiлася з твару — з заклапочанай яна стала вясёлаю i нечакана прапанавала пайсцi пагуляць у горад.

Габрэйка вяла Чараўнiка старымi вулкамi, пакуль не звярнула ў цёмны пад'езд. Яны ўзнялiся на другi паверх i прайшлi доўгiм калiдорам. Яна адчынiла дзверы, i Чараўнiк зайшоў у вялiкi пакой.

— Ты ведаеш, дзе мы?

— Не, я тут нiколi не быў. Пэўна, iнтэрнат нейкi?

— Інтэрнат, — габрэйка засмяялася, — публiчны дом. Ты ведаеш, я не хачу жыць у iнтэрнаце, не хачу вяртацца ў нашае мястэчка, я хачу застацца жыць у гэтым горадзе, знайсцi сабе расейца, прыгожага i разумнага, спакусiць яго, выйсцi за яго замуж, нарадзiць дзiця... Я шмат чаго хачу. І яшчэ я не хачу быць габрэйкай.

— Але ж ты габрэйка.

— Пра гэта ў гэтым горадзе ведаеш толькi ты.

— А ты што, не ведаеш?

— Я?! — яна засмяялася i пачала распранацца. — Я не ведаю.

Чараўнiк адвярнуўся i падышоў да акна, якое глядзела ў двор на памыйнiцу з кантэйнерамi i бачкамi.

— Ты што, саромеешся?

Чараўнiк адчуў, што чырванее.

— Я не магу, — сказаў ён да бачкоў i кантэйнераў.