Читать «Дамавiкамерон» онлайн - страница 12

Адам Глёбус

— Ты проста не ўмееш, я навучу, — габрэйка падышла i абняла яго.

Чараўнiк страцiў свае здольнасцi i стаў звычайным студэнтам унiверсiтэта. Габрэйка вельмi ўдала выйшла замуж за супрацоўнiка КДБ. Калi экс-чараўнiк пасля заканчэння вучобы прыехаў у сваё мястэчка, каб наведаць бацькоў, тыя расказалi, што неразумны Антак памёр, а ягоная мацi з'ехала невядома куды.

ХIII. ШРЫФТАВІК

Шрыфтавiк выконваў адказнае даручэнне, рабiў памятныя граматы. Работа iшла шпарка, i майстар быў упэўнены, што хутка скончыць заказ. Але калi ён узяў лiтрасет, дык убачыў, што патрэбных лiтараў на iм не хапае. Шрыфтавiк шэптам вылаяўся, апрануўся i выйшаў з дома. Ён абышоў усе, што ведаў, крамы, дзе раней набываў лiтрасеты, — марна. Калi Шрыфтавiк выйшаў з унiвермага "Беларусь", дык вылаяўся ўголас i гучна. А калi з яго вылятала апошняе брыдкае слова, ён раптам знайшоў вырашэнне праблемы.

Шрыфтавiк вярнуўся ў аддзел канцылярскiх тавараў. Размаляваная гандлярка глядзела на майстра, як мiнiмум, цынiчна.

— Прабачце, калi ласка, — дзеравяным языком пачаў той. — Я мастак i працую над афортамi. А тут раптам бачу вас i... Нават паверыць сабе не магу. Вы якраз той вобраз, якi доўга шукаў. Можа, калi вы не супраць, я намалюю ваш партрэт.

— Гэта ты сур'ёзна? — цынiзм змянiўся на недавер.

— Вядома, сур'ёзна. Дык вы не супраць. Я спадзяюся...

— А што я буду за гэта мець? — недавер змянiўся на цiкаўнасць.

— Звычайна натуршчыцам плацяць грошы. Магу падарыць вам афорт цi акварэль.

— Добра, потым пагаворым. А пятай чакаю на трамвайным прыпынку.

Шрыфтавiк вярнуўся ў майстэрню. Прыбраў. На сцены ён павесiў некалькi старых, яшчэ студэнцкiх эцюдаў з аголенымi жанчынамi.

А пятай Шрыфтавiк сустрэў на прыпынку гандлярку. Тая пацiкавiлася, цi далёка ехаць, а калi даведалася, што далёка, дык узяла мастака пад руку i павяла на таксовую стаянку.

У майстэрнi гандлярка з вульгарнай цiкаўнасцю разглядала i нават кранала старыя эцюды.

— І гэтыя старыя бэ не саромелiся трэсцi абвiслымi жыватамi перад такiмi, як ты? — здзiўлялася яна.

— У Парыжы прафесiя натуршчыцы адна з самых прэстыжных, — Шрыфтавiк дастаў з лядоўнi бутэльку венгерскага "Рыслiнгу".

— Мы ж не ў Парыжы, дый наўрад цi гэтыя тоўстыя бэ змаглi б там уладкавацца на добрае месца. Акрамя воцату ў цябе нiчога няма?

— "Рыслiнг" — добрае вiно, але ёсць яшчэ паўпляшкi гарэлкi.

— Сам пi воцат, а мне гарэлкi налi.

Шрыфтавiк пашкадаваў, што запрасiў гандлярку. Пасля трэцяй чаркi яна пачала расказваць брыдкi эпiзод са свайго працоўнага жыцця. Пасля заканчэння гандлярскае школы яе накiравалi ў прамтаварную крамку, а яна, каб не працаваць, зламала сабе ўказальны палец на правай руцэ. Пальчык, гандлярка казала менавiта "пальчык", яна засунула ў дзверы i з усяе моцы ўдарыла па iх нагою. Два тыднi не хадзiла на працу. А потым яе сяброўка з унiвермага "Беларусь" прапанавала з'ездзiць у лазню з адным вялiкiм начальнiкам. Цяпер раз на два тыднi яна ездзiць з тым начальнiкам у загарадны спарткомплекс i працуе ў самым вялiкiм унiвермагу.

— Маю ўсё, што захачу, — скончыла гандлярка сваю прыпавесць.