Читать «Амплітуда смеласці (I лірыка, і гумар.)» онлайн - страница 32

Рыгор Барадулін

Маленне камянёў

Мы, стрыманыя камяні, Трываем вежы, камяніцы. Вятры ў палях, Нас памяніце, Раса, Наш цень не абміні! Мы — стомленыя валуны, Маршчыны зніклі з нашых шчокаў. Мы глухнем ад нахабных крокаў, Паны I сведкі даўніны. 3 нас кожны Прышлыя вякі Трымае на плячы балючым. Мы ўсіх дарог спатканні лучым, Сціскаем цішу ў кулакі. Без нас бы гарады даўно Зрабіліся б забытым полем. Вас молім — Нас з тугою, з болем Успамінайце заадно!

* * *

Цадзі вачмі чужыя гарады, Нырай на дно адразнамоўных рэчак, Стамляйся ад красы, Як ад хады, Заблытвайся ў пытаннях недарэчных. Чужых садоў уменне латашы За пазуху настрою, бы ў маленстве. Ды не спустошвай Храм сваёй душы, Калі ў чужыя ходзіш на маленне. Пільнуй сваёй цікаўнасці гады, Пакуль не крыўдзіць іх абраза межаў. Старайся іншых зразумець, Тады Сябе самога, можа, зразумееш.

3вякоў

3 рэчкай часу гамоніць чарот, Збыльняжэлыя замкі прыгадвае. 3 лебядой Хлеб замесіць народ I ўсміхнецца бядзе Са спагадаю. Дамалочвае слоў каласы, Засяваючы гоні былінамі, I ў гісторыю, Як у лясы, Адыходзіць ліхімі хвілінамі.

Сваяк салігорцаў

На даху храма святой Барбары — Спрыяльніцы ўсіх шахцёраў — У дождж Хімеры плачуць бабрамі, Чуллівы маючы нораў. У храме ўпоплечкі са святымі Хто, некананізаваны, Як здань, У белай хламідзе стыне? Ікона не называе. Адна рука каганец трымае, Бо ў пекле падземным змрочна, Сякеру-посах другая мае, Каб срэбра хто не сурочыў. Хвартух скураны на спіне чарнее, Каб хутка ў забой спускацца, Нібы ў маленстве з горкі надзеі Зімой, Бо чакае праца. I гэты храм, I талеры тыя, Што грэх адпусцяць без гора, Каб стаць упоплечкі са святымі, Рабіла ягоная змора. У храм ішоў — Гул пагойдвалі крокі, Уздрыгвала Кутна Гора. Насамі нябеснымі круцяць прарокі, Трываючы дух шахцёра...

Гудзьба []

У гойклівым, далёкім спеве Народ успомніць сам сябе. Ні ў гневе, Ані ў пахвальбе — Ва ўпартасці надзея спее. У нетаропкай Новай Весі Загуў маўклівы рэстаран — Забыты танец гонкі стан Нясе ў замроеным акрэсе. Па-добраму нязвыкла неяк Глядзець на ўчэпісты загар — Абцалаваны сонцам твар Ва ўсіх танцорак, як у жнеек. Усмешка параўнае зубы Ці з жомчугам, ці з часныком? Гавораць рукі з праснаком, I збану з півам скокі любы. А следам за таўстушкаю У скоках смех з частушкаю. Ад смеху ледзь трымаецца Частуха-ўсётрываліца: — Няма чаго маліцца, Калі з запазухі валіцца. Пяюць частушкі не такія, А мне пачулася з Ушач Свая. Яе, прабач, чытач, Заглушаць ногі тупаткія. Сабе не давяраюць рухі. Смяецца танец, плача спеў. Сусед прыцішыць не паспеў Славянскі голас, вочы, рукі. Пра тое, як перадыхнуць бы, Запалу думаць не з рукі — Ён паўтарае праз вякі: Не замаўкай у сэрцы, гудзьба!