Читать «Сцюжа» онлайн - страница 93
Васіль Быкаў
— Ну што ж, — сказаў Азевіч. — Паспрабуй, можа, падаб'е.
З вялікай натугай ён здзёр з нагі падсохлы за час ягонай хваробы бот, прыкрыў босую ступню сапрэлай анучай. Яна ўзяла бот, затуліла пад палою.
— Але ж каб не бавіцца. Добра? — сказаў ён.
— Ну, я ж папрашу.
Цётка пайшла, а яму стала неспакойна на душы: усё ж бот — падазрэнне, яўна мужчынскі памер. Ну, але, можа, абыдзецца, бо, на выпадак чаго, куды ж яму з босай нагой? I ён падумаў тады, дарэчы, не ў першы раз: як ладзілі тое партызанства, усё дужа таіліся, колькі клопату было, каб ніхто не бачыў нічога, нічога не западозрыў. Меліся ваяваць толькі з сваіх прыпасаў, знацца толькі са сваімі кадрамі. Але дзе яны цяпер, тыя прыпасы, дзе тыя правераныя кадры? Цяпер во — цёткі. I што б ён рабіў, каб не гэтая, нікому ў іхнім раёне не вядомая цётка? Цяпер на яе ўвесь яго спадзяванак, ад яе ўвесь паратунак.
Азевіч наважыўся ісці, як сцямнее, цераз поле, мінаючы жахлівы той роў. Для таго нагледзеў добрую палку-кій, што стаяла пры варотах у пуні. Добра, што снегу ў полі насыпала яшчэ не шмат, на палетках ледзьве прытрусіла ржышча, можна было ісці без дарогі. Галоўнае — дабрацца да Касцюкоўкі. Там ён прыпамятаў каго-нікаго з даваенных знаёмцаў, ужо яны дапамогуць. I павінны звязаць яго з хлопцамі ў Галубяніцкай пушчы. Іншага выйсця ў яго не было.
Так, трэба было выбірацца адсюль і пачынаць усё нанова. Зноў пакутаваць, галадаць, трываць боль і сцюжу — змагацца. Што трэба змагацца з захопнікамі — у тым ён не адчуваў сумневу. Калі яны захопяць, панішчаць, разапнуць на крыжы народ — не будзе нічога. Ні мінулага, ні сучаснага, ні будучыні. Бо яны — звяры. Значыць, змагацца за будучыню. Але ж, мусіць, і за мінулае?.. Ці не пяройдзе тое агідна мінулае і ў будучыню таксама? Мабыць, пяройдзе... Тое самае, што перажыта з такім болем і вялікаю крыўдай. Але ж гэта жахліва! Во становішча, каб яно згарэла. I выбару ніякага.
Мусіць, аднак, нешта зменіцца, хацеў пераканаць сябе Азевіч. Не можа так быць, як было,— не павінна. Усё ж з народам так нельга. Нават і беларускі люд мае нейкае права на людскія адносіны да сябе. Бо ў чым ён вінаваты, дзе ён калі схібіў? Хоць бы і цяпер, у вайну. Не здрадзіў, не перабег да немцаў, страчае іх з варожасцю, як чужынцаў. Хоць да чужынцаў ён заўжды быў цярплівы, дазваляў тым мо нават больш, чым сабе. Але тут нельга. Гэта не чужынцы — рабаўнікі і забойцы. Хацелася верыць, што пасля перажытага, пасля крывавай калатнечы-вайны, калі толькі люд ацалее, дык набярэцца новага розуму. Не можа ж быць, каб такая вайна нічаму не навучыла. Хоць бы якой дабрыні, спагады да саміх сябе. Нельга ж увесь век жыць без спагады. Павісшы на крыжах, нават не плакаць.
Зрэшты, выбар у яго быў невялікі — усё было загадзя наканавана. Першы заход няўдалы, трэба пачынаць другі. Пакуль не скончацца сілы. Ці не прыйдзе пагібель. Бо такі, відаць, яго лёс. Ягоны лёс. Ды і народны таксама. Што ж яшчэ застаецца? Да скону біцца за Савецкую ўладу. Іншай няма ж.
Увесь той дзень да змяркання Азевіч марнеў ад думак, перажыванак — чакаў цётку. У трывожлівай стоме прагледзеў усе вочы, узіраючыся ў шчыліны, разы два ўставаў, кульгаючы на босую нагу, тупаў сюды-туды па вальнейшым месцы ў пуньцы. Часам яго забірала трывога: а раптам не прыйдзе? Ці прыйдзе і прывядзе каго?