Читать «Сцюжа» онлайн - страница 91

Васіль Быкаў

Сны ён сніў не часта і не надта звяртаў на іх увагі, ён проста, прачнуўшыся, не памятаў іх. Але гэты чамусьці запомніў да драбніц, і ён дужа не спадабаўся Ягору. I чаму яму прысніўся Дарошка? Што гэта значыць — крывавы роў, цераз які той не мог перабрацца? Ягор наогул не надта разумеў таго няшчаснага наццэма, хоць у душы і не меў ніякай варожасці да яго. Адчуваў, што Дарошка — чалавек зусім не благі, разумны і адукаваны, а за што арыштавалі — хто ведае? Можа, было за што, а можа, і не. Ужо Ягор не хацеў яго нішчыць, ён шкадаваў настаўніка, толькі што ён тады мог зрабіць? Абараніць было немагчыма, загубіць — як раз плюнуць. Ну дык таго і дамагліся. Вядома, лягчэйшага.

У пуні было цёмна, не накрыты кажухом ягоны твар азяб, але целу было сугрэўна, гэтую ноч ён не пацеў. Як заўжды, ён пачаў слухаць таемныя начныя гукі, якія скупа чуліся ў пуні. Недзе ў саломе тоненька папісквалі мышы, шорхалі-тачылі салому; вецер у падстрэшшы варушыў саламяную паску, якая чуйна трымцела ў цішыні. Знадворку ў пуню, здаецца, не пранікала нічога, і праз нейкі час ён зноў пачаў трохі драмаць. Ён, можа, і заснуў, як раптам пабудзіўся ад новых гукаў — то былі далёкія стрэлы: забахалі ў цішы — раз, другі, трэці. Два разам. Стралялі з вінтовак. Падхоплены трывогай, Азевіч спярша сеў, пасля, хапаючыся за шурпатыя бёрны сцяны, устаў на калені. Усё трымаючыся за сцяну, а пасля прыхінаючыся да выскубанай сцірты саломы, пабрыў да варотаў. Тыя, аднак, аказаліся зачыненыя знадворку, але ён патузаў іх, і адна палавінка расчынілася.

Тады ў завею, як ён ішоў сюды, здалося, іншыя будынкі былі далекавата ад пуні, цяпер жа аказаліся зусім блізенька, за некалькі крокаў — хата, хляўкі. Побач паветка, ток, мусіць. Ад варотаў пуні на падворак вяла вузенькая, свежа пратаптаная ў снезе сцежка, а збоч ад яе, за полем і лесам, барвовымі водблескамі чырванела неба і чуліся стрэлы. Як ён выйшаў, бабахнула яшчэ, можа, разы тры, і ўсё там няпэўна аціхла. Толькі водблескі шырэй і вышай расплыліся па небакраі, на іх фоне высвеціліся чорныя яловыя верхавіны блізкага лесу, і ён падумаў: дзе гэта? Хіба на бальшаку ці ў Сакоўшчыне? Але, мусіць, Сакоўшчына трохі ўбаку, а гэта пад Галубяніцкай пушчай. Мабыць, пад пушчай. I нешта гарыць — пэўна ж, вёска. Значыць, паляць і ўначы, і ўначы віецца-кружыць над чалавечым лёсам крумкач пагібелі. Хто гіне толькі? Але, пэўна, там партызаны. У Галубяніцкай пушчы павінны быць з суседняга раёна, калі толькі там збярогся які атрад.