Читать «Сцюжа» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

СЦЮЖА

Аповесць

Падрыхтаванае на падставе: Васіль Быкаў, Сцюжа. Аповесць, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. — 176 с..

Рэдактар: Барадулін Рыгор

ТУТ ПАХАВАНЫ

ВЕРНЫЯ ПАТРЫЁТЫ

САВЕЦКАЙ РАДЗІМЫ:

Маёр Жалудоў

Пратызан Пацюпа А. Г.

Чырвонаармеец Крывашэін К. С.

Партызан Галадуха С.

Партызан Старук С. Я.

Партызан Азевіч Я. І.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

ВЕЧНАЯ СЛАВА ГЕРОЯМ!

(з прыдарожнага абеліска)

Гарадзілаў памёр на світанні — ціха, неўпрыкмет сканаў у сцюдзёным, прадзьмутым ветрам буданчыку. Азевіч, які сам задрамаў на сконе начы, нават не заўважыў таго, хоць і адчуваў звечара, што пракурору ўжо не падняцца. Тры апошнія дні той не ўставаў на ногі, палаў у гарачцы, сіпата, дробненька дыхаў і — што асабліва ўразіла Азевіча — перастаў пазнаваць яго. Гэтую ноч звечара незразумела, дзікавата трызніў, вёрз немаведама што пра нейкага (ці нейкую) Кузю, тузаўся, скрыгаў зубамі, увесь час сцягваючы з сябе шынелак, якім яны накрываліся разам. Азевіч стаміўся за ноч рупіцца каля хворага, бясконца атуляць адзежынай яго гарачае цела. I толькі на золаку неяк знерухомеў у цішыні, заснуў, аж покуль не прахапіўся ад падазрона страхавітага спакою, што запанаваў у будане. Гарадзілаў ляжаў нерухома і ўжо быў сцюдзёны — гарачыня без рэшты сышла з яго цела, грудзі пад ватоўкай не паднімаліся. Азевіч прыклаў да іх вуха і не пачуў нічога. Мусіць, усё ўжо скончылася.

На дзіва сабе ён не адчуў ні асаблівага страху, ні нават жалю — нейкае цьмянае прадчуванне перамены (невядома, да лепшага ці да горшага) паволі ўлівалася ў яго. Хоць ён і не ведаў яшчэ, чым тое абернецца, што ён зробіць цяпер, застаўшыся зусім адзін. Сцяўшыся пад шынелкам на ўлежанай хвойнай падсцілцы, ён спрабаваў трохі сагрэцца ў спакоі, звыкла ўслухоўваючыся ў абрыдлы за непрытульную восень лесавы шум. Галоўнае — цяпер ён застаўся сам-насам, мог рабіць, як захоча, кіравацца толькі сваім намерам, уласнай патрэбай, без чыёй-небудзь прынукі. Да таго, з Гарадзілавым, было трохі інакш, усё ж той быў ягоным начальствам — пракурор раёна і камісар групы, зноў жа старэйшы па гадах, на ўсё меў сваю думку і не надта любіў лічыцца з думкаю іншых. Можа, і сканаў праз гэты свой непадаткі характар — прастудзіўшыся на Макрынскім балоце, падхапіў гарачку. Мусіць, трэба было б падацца куды да жытла, цяпла і людзей, бо якое ж здароўе на сцюжы, у гэтым во тошчым буданчыку? Азевіч і казаў яму: пойдзем куды, прэч з гэтага змрочнага лесавога грудка, які даў ім прытулак у самы жахлівы восеньскі месяц — пяты месяц вайны. Ды Гарадзілаў заўпарціўся: не і не. Ну і, вядома, дачакаўся горшага. Цяпер яму ўжо не спатрэбяцца ні цяпло, ні засцярога — патрэбна адна маці-зямля, на якой ён неспакойна пражыў без малога пяць дзесяткаў гадоў.

Азевіч вылаяўся — ад прыкрасці, злосці — і пачаў уставаць; адзін побач з засцюдзянелым нябожчыкам, зусім скалеў пад воглым шынелкам, аж стукалі неўпрыцям зубы ад дрыжакі. У змрочнай нары-будане трохі зашарэў ранак — на ўваходзе сталі відаць нізка абвіслыя лапкі хвояў, шэрыя сукаватыя камлі тоўстых елак насупраць. Штось там, аднак, мільганула — раз і другі, Азевіч з трывогай угледзеўся, адразу прагнаўшы сон, і апанурана пачаў надзяваць у рукавы шынелак — між хвояў рэдка мільгалі белыя мухі — то пайшоў снег. Значыць, даседзеліся, падумаў Азевіч, да белых мух, што будзе далей? Але што будзе далей, ведама і малому — пасля зазімку будзе зіма, сцюжа і мароз, сляды на снезе. А што рабіць яму? Аднаму на гэтым яловым грудку?