Читать «Сцюжа» онлайн - страница 94
Васіль Быкаў
Але яна прыйшла адна, як заўжды, ціхенька расчыніла палавінку варотаў і гэтак жа ціха прычыніла яе.
— Во ваш бот. Падбіў Крывеня. Кажа: а дзе другі?Ды, кажу, другога няма. Як, кажа, няма? Ну, схлусіла няспрытна. Пяць яек аддала і яшчэ пяць вінаватая асталася...
— Дзесяць прасіў?
— Дзесяць.
— Ну і шкурадзёр той Крывеня.
— Не, ён не шкурадзёр, ён добры. Выпівае толькі. Яму каб самагонкі, але ж у мяне дзе тая самагонка? Дзве курачкі толькі.
Седзячы на гарохавінні, Азевіч уздзеў на нагу бот і адразу адчуў сябе зусім спраўным. Каб толькі болей сілы. А то аж закружылася ў галаве. Цётка тым часам падала яму тарбіну з харчам.
— Во, многа не клала, каб вам цяжка не было. Усё ж пасля хваробы... Ну, дык беражы вас Бог.
Яны выйшлі з варотаў і спыніліся на рагу пуні. Ужо зусім змерклася, у белым сутонні ляжала ваколіца, далей шарэла чэзлая паска кустоўя. Усё ж ён чуўся слабым, хістаўся нават на ветры, але мяняць свайго рашэння не стаў. Пойдзе. Можа, разыдзецца, у дарозе стане лягчэй. Мароз быў невялікі, ноч відная, можа, не заблудзіць. Мясцовасць ён трохі памятаў па колішнім часе.
— Ну, цётачка, дзякуй табе!
— I табе шчасліва.
Ён трохі абняў яе адной рукой і хістка ступіў у снег. Пасля, не азіраючыся, пайшоў і пайшоў каля парасніку, не надта спрытна ўпраўляючыся з кійком. А як адышоўся, успомніў, што так і не запытаў цётчына імя. Азірнуўся, ды ля пуні не ўбачыў яе. Можа, пайшла, а можа, стаяла, нябачная пад чорнай сцяной, і ён, не саромеючыся, перахрысціўся. Мабыць, першы раз за вайну. Трохі нават сумеўся ад таго, бо не хрысціўся з дзяцінства — ні дзецюком, ні тым больш як працаваў у раёне. Але адчуў, што цяпер было ў самы раз — прынамсі, не зашкодзіць. А то і паможа. Яму, і той цётцы, і ўсім, хто апынуўся ў бядзе. Бо хто ж яшчэ...
Ён парадкам ужо адышоўся ўначы, наперадзе выразна шарэў у снезе алешнік, як пачуў нейкі рух ззаду і азірнуўся. Па ягоных слядах жвава бег чорны вялікі Ваўкалака — размашыста сігаў па снезе, пэўна ж, каб дагнаць чалавека. Азевіч прыпыніўся, падняў кій, але і сабака тады стаў непадалёк. Не гаўкнуў, моўчкі настырчыў хрыбціну, чакаў. Азевіч сцішана выгукнуў: "Пайшоў прэч!" — і махнуў над сабой кійком. Ды марна: сабака не пабег, толькі злосна коратка правуркатаў і чакаў. Чагось толькі? Пастаяўшы трохі, Азевіч ступіў колькі крокаў у напрамку да лесу, і Ваўкалака таксама нетаропка пайшоу па ягоных слядах. Крыкнуць Азевіч не мог, што тут было рабіць? Уцякаць, ратавацца ці ісці з гэтым у лес? Або застрэліць яго? Ды страляць было далекавата, а бліжэй сабака не падступаўся — мабыць, ужо быў вучаны. "Каб ты здох, ваўкарэзіна!" — сказаў сабе Азевіч і дастаў наган.
З наганам напагатове ён памалу патупаў да ўзлесся, штораз азіраючыся. Ззаду за ім, не падбягаючы блізка, то бег, то прыпыняўся Ваўкалака. Чагосьці чакаў ад чалавека...