Читать «Сцюжа» онлайн - страница 92

Васіль Быкаў

Але ён быў слабы, не мог доўга стаяць на сцюжы і пабрыў назад у пуню. На каленях успоўз у сваё добра-такі ўлежанае за тыдзень лаўжо, з галавой улез пад кажух. Трохі тросся ад дрыжакі і думаў, што, відаць, трэба неяк выпаўзаць назусім. Яшчэ дзень паляжыць і пойдзе. На гэты раз ён знае куды, дзе трэба шукаць такіх, як сам. Ды і людзі памогуць. Памагла ж гэтая цётка, у якой нават не запытаў яе імя. Ну, але запытае.

Ён трохі яшчэ задрамаў на світанні, а як ранічкай прыйшла цётка са сваім вандзэлкам, упершыню ўсміхнуўся ёй і прыўзняўся, прыхінуўшыся плячмі да сцяны.

— Ну, як вы? — запыталася яна. — Лепей?

— Лепей, лепей, — сказаў ён, стараючыся, каб бадзёра.

Яна развязала свой вандзэлачак, дастала міску з дранікамі і скваркамі, ад якіх паўзабыты пах разышоўся па ўсёй пуні. На гэты раз ён з'еў усё, выпіў кварту цёплага малака. Лусту смачнага цётчынага хлеба сунуў у кішэню.

— Ці чулі, як стралялі ўначы? — запытаў ён і сціх, чакаючы адказу.

Цётка з клопатам зірнула на яго.

— Анягож! Пад ранак такая страляніна — у Касцюкоўцы, кажуць.

— Гэта дзе? Пад Галубяніцкай пушчай?

— Ага, пад пушчай. На самым краёчку. Гарэла там нешта.

— Палілі?

— Пэўна ж, палілі.

Ён думаў, што, можа, яна ведае нешта пра начныя падзеі, але, мабыць, не больш за яго.

— Сёння я пайду ад вас, — сказаў ён з рашучасцю.Хоць жаднай рашучасці яшчэ сам не меў — не ведаў, ці адолее сваю слабасць. Ён чакаў, што цётка будзе ўгаворваць яго пачакаць, паляжаць пару дзён у пуні, ды цётка сказала толькі:

— Гэтак? Пойдзеце?

— Трэба ісці. Нельга мне доўга аставацца. Я ж з райкома. Маё прозвішча Азевіч, можа чулі? — сказаў ён,расчулены цётчынай дабрынёй да яго. Чакаў, што яна здзівіцца, ці зазлуе, ці папытаецца яшчэ пра што, а цётка сказала проста:

— Я ж ведаю.

— Ведаеш? I ведала, хто я?

— Ну. Я ж пазнала. Як вы тады перад вайной сходп раводзілі ў Трыкунах. Яшчэ тады з жанчынкай такой беленькай былі. I старшыня выканкома, як яго, забылася... Што вораг народа стаў.

— Заруба.

— Во-во, Заруба. Я тады ў сястры там была, схадзіла на сход. Вас бачыла. Малады такі, у будзёнаўскім шлеме...

Вось так, кола замыкалася. А ён думаў!.. Ён думаў, што ніхто — нічога. Аж ведалі, памяталі. Не чакалі толькі. Але і нечаканага прынялі, можа, уратавалі ад смерці Чым жа ён аддзячыць гэтай сардэчнай цётцы? Чым парадуе яе ў не меней, чым у яго, трудным жыцці.

— Тут во яшчэ такая праблема, — сказаў Азевіч. — Падэшва ў мяне адарвалася.

— Гэтак?

— Во як, — варухнуў ён з-пад гарохавіння дзіравым ботам. — Можа б, мне які бот расстаралася?

На і без таго заклапочаным твары цёткі прабег яшчэ большы клопат.

— Дзе ж яго ўзяць? У мяне ж ботаў няма. Ні мужчын, ні ботаў. Сама во ў апорках хаджу. Можа б, адрамантаваць як? — раптам ажывілася цётка. — Калі вы зніміце, дык я да Крывені схаджу. Тут наш, вясковы, ён пачыняе каторым.