Читать «Сцюжа» онлайн - страница 89
Васіль Быкаў
— Хто разбіў? — сказаў ён і сцішыўся, чакаючы адказу, які быў для яго дужа важны.
— Ды камсамольцы гэтыя. I акцівісты. Але мой Іванусё роўна малоў. Зрабіў такія абручы, саставіць камяні і змеле ўначы. А пасля разбярэ і зноў кускі ў крапіву. Там і ляжаць. Тыя прыйдуць, паглядзяць, у сшытачку нешта памецяць. Так і абыходзіліся, — ціхенька засмяялася цётка, задаволеная ўласнай з Іванам хітрасцю.
"Тым і абыходзіліся, — падумаў Азевіч. — I цяпер яна корміць сваім хлебам таго, хто бурыў жорны, біў камяні. Ці яна не ведае, не здагадваецца, хто ён? Ці зусім не мае крыўды на яго і такіх, як ён? Нядаўніх райкомаўцаў, камсамольцаў, актывістаў? Што гэта за характар такі — незласцівы ці непераборлівы да дабра і да зла? Што гэта — сялянскае, жаночае? Ці нацыянальнае? Адкуль яно ўзялося, добра гэта ці не? А раптам тая незласцівасць перакінецца і на адносіны да немцаў? Падумаюць, што і немцы не горш. Тым болей што дазваляюць есці свой хлеб, той, які не дазвалялі бальшавікі?"
— Я вам хлебца пакіну і малачка. А крупнік падагрэю, яшчэ прынясу. Папалуднаваць. Дык ляжыце, набірайцеся сілы, — сказала яна і ўздыхнула, загароцілася. — Можа, і мой сынок дзе так ляжыць. Калі жывы дзе. А можа, ужо ў зямельцы...
— Ды не, — паспрабаваў суцешыць яе Азевіч. — Калі малады, дык недзе ў войску. Там усё ж Чырвоная Армія, забеспячэнне, абучэнне. Ваяваць будзе.
— Каб жа хоць яго як пабядзілі, немца гэтага. А то во прэ і прэ, — сказала побач цётка і толькі цяжка ўздыхнула.
— Пабядзім, — адгукнуўся ён з кволай упэўненасцю — Не можа таго быць, каб не пабядзілі. I лепш будзем жыць. Справядлівей, чым да вайны. Усё ж класавая барацьба скончыцца, ворагаў не будзе.
Цётка не надта спрытна пачала ўставаць з гарохавіння.
— Каб жа не было, а то ўсё кругом ворагі і ворагі.
Азевічу здалося, што ў тых яе словах стаіўся пэўны недавер да таго, што сказаў ён. Але ён сказаў шчыра. Ён дужа хацеў верыць, што пасля ўсяго перажытага да вайны і ў вайну, асабліва калі выганяць фашыстаў, жыццё дужа пераменіцца. Усё ж людзі, з'яднаныя братняю справай, павінны пазбыцца класавай, партыйнай ды якой іншай варажнечы і зажыць па справядлівасці. Колькі ж можна ваяваць між сабой?
Толькі ці давядзецца дачакаць таго залатога дня гэткім, як ён? Наперадзе яшчэ колькі змагання, небяспек і пакут. Немцы, праўда, далёка, у гэтай вёсцы, можа, іх і не бачылі. Затое тут уладараць паліцаі. А колькі ў астатніх вёсках тых паліцаяў? Асабліва ў вялікіх. Ужо акупанты паклапаціліся, панастаўлялі сабе памагатых, навербавалі. Тым болей вербаваць было з каго, знайшлося добраахвотнікаў. Ці тых, што пайшлі на іхнюю службу з нявыкруткі: або ў партызаны, або ў паліцыю. Як тыя акружэнцы, уцекачы, палонныя з лагераў. Во яшчэ з кім ваяваць прыйдзецца. З сваімі!
— А дзе ж Іван твой? — асцярожна папытаўся Азевіч.
— А хто ж яго ведае, — проста адказала цётка. — Як узялі, дык дасюль ні слыху ні дыху.