Читать «Парастак радка, галінка верша» онлайн - страница 150

Рыгор Барадулін

— Існуе паняцце шчырасці ў мастацкай творчасці. У лірыцы, паэтычным эпасе, нават эпіграме. У лірыцы — якая адлегласць паміж лірычным героем і аўтарскім «я»?

— Аксіёматычная ісціна: без шчырасці няма творчасці, без шчырасці ўсё напісанае — халодная рамесніцкая балмач з большым ці меншым прафесійным узроўнем. Лірыка, паэтычны эпас, эпіграма — усё адно гэта перш за ўсё праверка сябе на шчырасць, самая суровая, самая жорсткая праверка. Чытач заўсягды адчувае фальш. Калі паэта хвалявала нешта шчыра, калі нешта паэта абурала шчыра, гэта перадаецца і чытачу. Як бы ні стараўся, як бы ні тужыўся паэт адлучыць, адасобіць сябе ад лірычнага героя, у гэтым лірычным героі, калі аўтар таленавіты, заўсягды будзе пазнавацца ён сам з яго прыхільнасцямі, з ягонымі моцнымі і слабымі бакамі, хай будзе ў яго персанажам Чайльд Гарольд ці Алесь Рыбка. Адзін які-небудзь штрых, адна дэталь выдасць аўтара і абставіны, у якіх пісаліся вершы. «Цесна ў печцы паходнай агню. I слязамі смала растае». Яўна, не на перадавой пісаліся радкі. А інакш адкуль такая ўтульнасць з паходнай печкай, са смалістымі паленамі? I не чатыры крокі там да смерці, значна болей. Знянацкая куля тут у разлік не ідзе. Альбо прыгадаем: «Неба чыстае, як шклянка». Што стаяла на стале ў аўтара, калі пісаў? Пустая ці поўная шклянка — тут адзіная няяснасць у вершах.

На выпадак перакладу адлегласць паміж лірычным героем паэта, якога перакладаюць, і аўтарскім «я» значна даўжэйшае. Перакладчык як быццам і зацікаўленая асоба, і як быццам разам з тым і пабочная, якая мусіць верыць аўтару на слова. Але і гэты давер увесь час падлягае праверцы.

— Дарэчы, пра пераклад. Вы шмат перакладаеце. Як вам удаецца знайсці інтэлектуальны, эмацыянальны, сінтаксічны, лексічны эквівалент? Якія вашыя ўзаемаадносіны з тымі паэтамі, якіх перакладаеце? Я маю на ўвазе, вядома, чыста творчыя суадносіны сіл. Як, напрыклад, аберагала сябе ўласная эстэтычная суверэннасць у паэтычным свеце Гарсія Лоркі? Ваш Лорка — шмат каму з беларускіх чытачоў, і мне ў тым ліку, адкрыццём, прызнаннем у шчырасці. Чым ён быў вам? А як вам здаецца цяпер, ці пашырыўся ваш духоўны далягляд у сувязі з перакладам «Слова пра паход Ігаравы»? Перакладчыцкае майстэрства — гэта майстэрства мовы, мова, як вядома, старэе разам з паняццямі, якія яна выказвае. Якія часовыя лексічныя пласты вы непазбежна засвойваеце, прыступаючы да перакладу таго ці іншага тэксту?

— Пераклад — гэта, даруйце, свайго роду і нахабнасць і рызыка. Перакладчык бярэ на сябе смеласць данесці да іншамоўнага чытача не толькі сэнс, але ў першую чаргу дух арыгінала, своеасаблівасць манеры арыгінала. Калі аўтар жывы, дык дапамагае сутыканне з ім, прыглядка, прыслухоўванне, прымерка. Ну, а калі справу маеш з класікай, тут ужо можна спадзявацца толькі на свае ўласныя сілы. Тут і павінна прыходзіць у дзеянне інтуіцыя, прафесійная вывучка. Перакладчык — слуга двух паноў. Ен мітаецца паміж аўтарам і чытачом. На лепшы выпадак яго цярпіць ці змушаны цярпець аўтар, і яму верыць, давяраецца чытач, а ў іншых выпадках — ён вораг аўтару і злыдзень чытачу. Як бы ні іграў па-акторску перакладчык, як бы ні падладжваўся пад аўтара, усё роўна недзе ён выдасць сябе. Цяжкасць яшчэ ў тым, што эквівалент знайсці практычна немагчыма. У адным нечым перакладчык абкрадае аўтара, у другім нечым прапануе сваё. Пераклад — гэта і рыцарскі турнір, і торг, дзе адзін болей просіць, а другі меней дае. Калі сябе аўтар пазнае ў нейкіх дробных дэталях, дык ён часта не пазнае сябе ў галоўным, і — наадварот. Мой асабісты перакладніцкі вопыт не такі вялікі, каб я сам на сябе спасылаўся. Што тычыць перакладаў з Гарсія Лоркі, дык мне яшчэ ва універсітэце хацелася паспрабаваць запрасіць вялікага іспанца пагаварыць па-беларуску на ўшацкі лад. Дапамог выдатнейшы знаўца іспанамоўнай паэзіі і культуры, сам паэт і тонкі перакладчык Карлас Шэрман. Без ягонай дапамогі і канкрэтнай падтрымкі не рызыкнуў бы я ўзяцца перакладаць Гарсія Лорку. У паэзіі Лоркі жыве моцная народная стыхія, стыхія жывога народнага слова, карацей, прастата пры наяўнасці глыбіні думкі, пры аб'ёмнасці і шматграннасці вобраза. Фальклорнасць, народнасць светаадчування і былі маім выратавальным кругам у акіянскім разліве паэзіі Гарсія Лоркі.