Читать «Парастак радка, галінка верша» онлайн - страница 149

Рыгор Барадулін

Культурны клімат часу. Ён змяніўся. Ці ў лепшы бок? Не зусім. Чытач паэзіі па-ранейшаму нешматлікі і нешматаблічны. Чытаюць у асгюўным паэзію тыя, хто сам пісаў ці сам, хоць употай, ды піша. Тэлевізар, касеты трымаюць пад «наркозам» большую частку магчымых спажыўцоў, чытачоў паэзіі, асабліва беларускай.

— Ці лічыце вы, што магчымы і неабходны рэжым у творчасці? Якія формы яго прымаеце?

— Рэжым у творчасці і трэба і не трэба. Ад празмернага рэжыму, ад абавязковай акуратнасці ў пісанні адзін крок да графаманіі. А ад чакання натхнення — два крокі да прафесійнай ляноты. Хутчэй за ўсё праўда была на баку Мікалая Забалоцкага з ягонай формулай: «Не абражай душу лянотай».

— Некаторыя лічаць, што ў творчасці паэта мусяць быць перапынкі. Перыяд духоўнага назапашвання. Альбо паэту неабходны сталы трэнаж, каб не выйсці з формы?

— Перапынак у творчасці паэта мусіць быць і можа быць толькі фармальны, калі ён непасрэдна не занатоўвае радкі альбо не друкуе іх адразу на машынцы. Духоўнае назапашванне, ашчаджэнне павінна адбывацца ўвесь час. Сталы трэнаж трэба. Паэту неабходна, як і спартсмену, быць заўсягды ў форме. А то ў нас знойдуцца паэты, якім даўно час адзначаць дзесяцігадовыя юбілеі з дня напісання апошняга верша. Гэтакі паэт нават забыўся, як слова слухалася яго калісьці, а ў мэтрах, бач, ходзіць. Нават яшчэ і маладых вучыць, не раўнуючы як тая курыца качанят плаваць.

— Сталая тэма вашай творчасці, арганічная тэма — Радзіма, Беларусь, Ушаччына. Але і дзелавыя паездкі, і турыстычныя па нашай краіне і за мяжой, яны таксама знаходзяць у вашай творчасці адлюстраванне. У чым праглядваецца вам тут прыкмета часу — жаданне ўсвядоміць свае карані і не траціць ні на хвіліну сувязь з вытокамі ці імкненне апынуцца ў новай сітуацыі, наблізіцца да новай тэмы?

— Любая паездка ўзбагачае ў першую чаргу ўражаннямі дарогі, знаёмствам з новымі людзьмі, гарадамі, прыродай. У дарозе можна адрынуцца ад цякучкі, ад аднастайнасці жыццёвых абставін, ад сваіх жа ўласных звычак. Дарога дае магчымасць паглядзець на сябе збоку, мусячы хоць крыху змяніцца. У дарозе перажываеш своеасаблівы катарсіс. Здалёк сваё роднае, звычнае бачыцца табе і даражэй, і жаданей, і зырчэй. У дарозе ці ўзнікаюць задумы, ці нават пішуцца самыя твае «хатнія», самыя задушэўныя вершы. Дый яно ўсё чалавечае жыццё — гэта дарога да самога сябе, вяртанне ў сябе.