Читать «Парастак радка, галінка верша» онлайн
Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін
ПАРАСТАК РАДКА, ГАЛІНКА ВЕРША
Артыкулы, эсэ
Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Парастак радка, галінка верша: Артыкулы, эсэ — Мінск: Мастацкая лiтаратура, 1987. — 351 с.
Дзякуй роднаму слову!
Слоўнікі. Латышскі арыгінал. Вывяраю на слых, ці дамогся таго, каб вялікі Райніс загаварыў па-беларуску. Боязна. Трывожна... Сівавусы Ян ведаў беларускую мову, чуў яе і ад самога дзядзькі Янкі:
I аднекуль, з першага напаўсвядомага ўспрыняцця наваколля, плывуць гукі матчынага голасу:
А вярба стаяла ў лашчавінцы, непадалеку ад студні, якую выкапаў бацька. Крыху далей дражніўся са мной бусел — так і не даўся ў рукі.
Верасоўка, Верасовачка...
Па адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні — вёска Гарадок II Востраў — Сарочынскага сельсавета на Ушаччыне. Ад яе асталіся ігрушынка-дзічка, што зацвіла на трыццатым годзе, ды два вянцы і верхняя бочка студні. Вярбу нехта ссек па дровы (думаю, не чытаючы Ясеніна).
Толькі з паслявайны ніцаю вярбой удавее мама.
...Бацька хадзіў на работу ва Ушачы — цяслярыў у райкамунгасе. Калі вяртаўся, паказваў мне, як мужык саху вытрасаў. Я любіў распяразваць бацьку — з-за пазухі выпадаў абаранак, драбок цукру.
У 1939 годзе настала перавезліся ва Ушачы.
З фінскай вайны запомнілася, што самым папулярным чалавекам быў дырэктар хлебапякарні (як і пасля апошняй вайны).
Вясна сорак першага...
Бацька пасадзіў вяз. Я памагаў трымаць дрэўца, роўнае на рост са мной. Чэрвень сорак першага...
Жарабятка адбілася ад маці і з апошніх сіл бегла перад нямецкімі машынамі. А я ўсё паліваў і паліваў маленькі вяз... Нам двум доліла астацца расці. Вяз так і не ацяніў галавы Івана Рыгоравіча, а я не пачытаў цесляру райкамунгаса ўслых «Віцебскага рабочага» (сам бацька збольшага чытаў і пісаў, але дужа любіў слухаць).
Чэрвень сорак першага...
Зайшоў немец. Я сядзеў і маляваў. Ён памог мне дамаляваць хату. З коміна кучаравы дым. Побач — дзве сукрыстыя немкі.
Другі немец у сорак чацвёртым спаліў нашу хату. Дым валіў смалісты.
Чэрвень сорак першага...
Шэрыя хмары палонных сунуцца бальшаком. Пыл. Ад яго вяз стаў падобным на капешачку сена.
У густым пераспелым жыце сканаў збеглы палонны. Як ні адходжвалі яго ўпотайкі добрыя людзі — не ачунялі.
Першае слова — паўшэпт «партызаны». I, нарэшце, Ушацкі раён стаў партызанскай зонай.
Партызаншчына...
Краіна трывожнай рамантыкі, перад якой увесь час адчуваю сябе ў вялікім даўгу...
На зімовае Вечалле садзяцца самалёты з Вялікай зямлі. Аднекуль з-пад Вулы прыводзіць разведчык Вася языка палкоўніка. Выйшаў паслухаць кананаду. Так без шапкі і даставілі ў штаб.
Славутыя камандзіры Лабанок, Цябут, Уткін, Радзівонаў. Колькі радасці было нам, малым, бачыць іх!
З брыгады Мельнікава прыходзіў зрэдчас на пабыўку бацька. Дазваляў мне стрэліць з запраўдашняй вінтоўкі. Дарэчы, з-за празмернай цікаўнасці да пошукаў патронаў, нос мой значна паарлеў.