Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 89

Ніл Гілевіч

Пімен Панчанка вельмі рэдка выступае з крытычнымі артыкуламі, але, можа, ні адзін наш крытык не меў такога ўплыву на паэтаў, асабліва па маладых, як ён сваімі крытычнымі заўвагамі. Ды не ў артыкулах выказанымі, а ў вершах. У радках пра паэтаў і паэзію.

Даволі дробных пачуццяў і дзей! Даволі кніжнага браку! Давайце песняй весці людзей За камунізм у атаку! Паэты жыццё не страхуюць, Паэты адкрыта жывуць. У паэтаў няма забароненай зоны. Паэзія — самы няўлоўны сакрэт, Які не будзе нікім рассакрэчаны. Шапчу я: Іван Дамінікавіч, кепска... Працуем, а нас не чытаюць амаль, Жартуем, а людзям чамусьці не смешна... Пішам, пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. А тут бягуць да каравая З паборам штампаваных слоў.

Я падаў тут толькі невялікую частачку літаратурна-крытычных афарызмаў Панчанкі, выказаных у вершах, а бачыце — у колькі спрэчак умешваецца паэт, па якіх розных пытаннях эстэтыкі, псіхалогіі творчасці, ідэйнасці і майстэрства ён выказваецца!

Летась выйшла кніга лірыкі Панчанкі «Крык сойкі». Толькі што ў рукі чытача прыйшоў новы зборнік «Вячэрні цягнік». Тыя ж тэмы — новы пагляд, новае асэнсаванне. На ўзроўні часу. Той жа малады, няўрымслівы характар лірычнага героя. Той жа боль і гнеў, пратэст і светлая вера ў чалавечнасць.

Не, не паддалася душа камфорту, не пастарэла, не стамілася ў штодзённым сцвярджэнні дабра і справядлівасці, у няспынным паядынку з мяшчанскай пошласцю і хцівасцю, з бюракратызмам і чэрствасцю, з прэтэнцыёзнай бязглуздасцю і тупасцю. Хутчэй наадварот — у радках яго стала яшчэ больш гневу, пазіцыя — стала яшчэ больш ваяўнічай і непрымірымай.

Як не аслабла і прага шукаць слова. Не стаміўся ён і ў гэтых пошуках. Слоўная руціна яго не адолела.

Няхай жа і не адолее давеку! Няхай ёй не стоміцца ніколі!

1977

І стаў вытокам радасці радок

З чаго пачынаецца паэт?

У выказваннях крытыкаў, гісторыкаў літаратуры і эстэтычнай думкі адказы на гэта пытанне можна знайсці самыя розныя. У залежнасці ад таго, як хто разумее паэзію, яе прыроду і яе назначэнне ў жыцці людзей.

Дык вось, калі паэзію разглядаць як спецыфічны від грамадска-карыснай дзейнасці (а не як забаву), калі паэзія — лёс, адзіна магчымая форма існавання (а не рамяство і не захапленне), то паэт пачынаецца з пачуцця бацькаўшчыны, радзімы, з глыбока ўсвядомленага адчування сваёй прыналежнасці да народа, неад'емнай часцінкай якога з'яўляешся, кроўнай прывязанасці да зямлі, на якой нарадзіўся. Шчыра кажучы, з гэтага ён пачынаецца і гэтым «трымаецца», жыве, існуе як творчая асоба, у гэтым — сапраўдная, глыбінная сутнасць усёй яго жыццядзейнасці.