Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 91

Ніл Гілевіч

Я знарок выпісаў гэтыя назвы, бо нават адзін іх пералік ужо сам па сабе робіць уражанне: гэта ж цэлая анталогія лірычных прызнанняў у любові і пашане свайму народу і краю! Я хацеў гэтым падкрэсліць, як жа часта звяртаецца паэт у думках і марах сваіх да родных малюнкаў і вобразаў, да сучаснага і мінулага любай бацькоўскай зямлі. Што ні кажыце, а такая пастаянная скіраванасць, настроенасць душы паэта на тэму бацькаўшчыны, тэму, якая, па сутнасці, стала яго пастаянным найпершым і найбольшым душэўным клопатам, ёсць несумненная і самая верная адзнака сапраўднай грамадзянскай сталасці паэта. І як жа гэта ў традыцыі нашай беларускай паэзіі — у традыцыі, што ідзе ад Багушэвіча, Цёткі, Купалы, Коласа, Багдановіча!

Пералічаныя вершы, хаця і аб'яднаны адной вялікай тэмай, вельмі розныя і па гучанню ці настрою, і па канкрэтнай ідэйна-мастацкай задуме ці матыву, па тым непасрэдным жыццёвым «матэрыяле», што прымусіў паэта выказацца. У адным выпадку — гэта прасветленасць усведамлення, што вытокі новых песень трэба шукаць перш за ўсё там, «дзе першы крок рабілі, дзе пашы мацеркі жывуць»: «Шукаем сцежак невядомых, чужыя топчам бальшакі. А песні нас чакаюць дома, ля цёплай матчынай шчакі». У другім — гэта прыфарбаваны пачуццём горычы роздум аб складаных шляхах нацыянальнай гісторыі, аб сучасным і мінулым беларускага дойлідства, аб лёсе матэрыяльнай і духоўнай культуры народа: «І пад будзённасцю муры, што мы наставілі паспешна, маўчаць нясвіжскія муры і Белая ўзлятае вежа... Стаю каля сівой красы, хаджу па гулкіх сутарэннях — і чую продкаў галасы, і бачу нашых дзён карэнні». У трэцім — гэта балюча трывожны зварот да людзей, каб не давалі паміраць словам, бо яны «паміраюць жудасна», бо «здаецца, не словы — народы адыходзяць моўчкі ў нябыт»: «Немата ім сціскае грудзі, заціхае самотны ўздых... Людзі! Людзі! Ну, што ж вы, людзі, не ратуеце родных, іх?..» І так — свой канкрэтны змест у кожным вершы гэтай адзінай магістральнай тэмы. Спяшаюся пры гэтым падкрэсліць, што Бураўкіну-песняру роднага краю заўсёды было чужым пачуццё нацыянальнай замкнутасці, самаізаляванасці, пазіцыя адмежавання ад вялікага свету людства для яго рашуча непрымальная. Зрэшты, сцвярджае паэт, гэта ў характары самога беларускага народа, гэта самая каштоўная рыса народнай душы, якою так справядліва ён даражыць.