Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 88

Ніл Гілевіч

Люблю яго паэзію за дзіўную, фатальна прыродную беларускасць гучання, якая з'яўляецца, на маю думку, першапрычынай яе катастрафічных страт пры перакладзе на іншыя мовы. Калісьці на адным вялікім пісьменніцкім форуме я ўжо гаварыў, што паэзія Панчанкі да гэтага часу па-сапраўднаму не адкрыта для рускага, а значыць і для ўсесаюзнага чытача, што яго творы, на жаль, перакладзены далёка не лепшым чынам. Прайшлі гады, і сёння я хачу сказаць з яшчэ большым засмучэннем, што так і няма перакладаў з Панчанкі на рускую роўных арыгіналу, ніхто яго вершы ўсё яшчэ не ўзнавіў так, каб яны гучалі з першароднай сілай і хараством. Паэзія вельмі цяяжа перакладаецца наогул, асабліва з блізкароднасных моў. Тым не менш многія нашы паэты ў перакладах на рускую гучаць вельмі хораша, некаторыя — адшліфаваныя пяром майстра — нават лепш, чым у арыгінале. У Панчанкі ў рускіх перакладах — страты, страты і страты. І страты непазбежныя. Бо такая паэзія, як яго, не ведаю, ці перакладаецца без страт наогул. Уся справа тут, на мой погляд, у «маленькай дробязі» — у самім гучанні слова, у тым звонкім «дзе» і густым «чаго», пра якія ён сам гаворыць у адным з даўніх вершаў. Захавай у перакладзе ўсе тыя самыя па сэнсу словы — яны прагучаць інакш і здадуцца не тымі: яркія здадуцца выцвілымі, сакавітыя — сухімі і поснымі. Знікае «дробязь» — і знікае ўся прывабнасць радка, страфы. Шчырае, зямное пачуццё, жывая чалавечая душа, паэзія — робяцца газетнай публіцыстыкай, рыторыкай. І ўсё з-за страты нечага няўлоўнага для небеларускага вуха.

Вось толькі два — першыя, што трапілі пад руку — прыклады з аднаго і таго ж верша:

І любы зноў мне тыя стравы, Што у маленстве елі мы.

Перакладзіце на рускую гэтыя «стравы». «Блюда»? «Кушанья»? Адчуваеце, што ўсё ляціць бог ведае куды? Паэзія прападае імгненна.

Або:

І быў гарачы пах жніва, І водар кропавы гарода.

Як вы перакладаеце гэты «водар» на рускую? «Запах»? Не тое. «Аромат»? Зусім не тое — парфюмерыя. А ў «стравах» і ў «водары» — нешта зямное, прыроднае, калі хочаце — язычніцкае. Паэзія ў саміх словах.

Люблю вяртацца да многіх даўніх вершаў паэта. Вяртаюся, чытаю. Але што гэта? Помню, як было тады — у 1946:

Стаю ля Каспійскага мора на беразе І марай уласнае сэрца трывожу — Мая Беларусь, у рамонку і верасе, Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся І самай багатай, І самай прыгожай!

А зараз чытаю:

Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся Багатай, шчаслівай, Як песня, прыгожай.

Каб хацеў горш сапсаваць верш, дык нельга. Ну, ясна: пасля аўтарскага гэбліка прайшлася рэдактарская сякера. І, вядома, знявечыла заключную, ударную страфу верша. Як было лагічна і хораша спачатку, да ўмяшання «патрабавальнага і строгага»! Як было дакладна і моцна выяўлена сыноўняе пачуццё паэта-салдата! Іменна — «самай»! Так гавораць маці: ты самы дарагі чалавек (хаця гэта не значыць, што іншыя маці благія), так гавораць каханай: ты самая прыгожая і мілая (хаця гэта не значыць, што каханкі другіх — непрыгожыя). Чытаем жа мы ў М. В. Ісакоўскага — пра тое ж самае пачуццё такога ж самага воіна: «Хороша страна Болгария, а Россия — лучше всех!» Як добра, што не знайшлося рэдактара сапсаваць песню. А мог бы. З тых жа самых меркаванняў, з якіх сапсавалі цудоўны верш Панчанкі. І спявалі б мы з вамі: «Хороша страна Болгария, но и Россия хороша». Або: «Но разве Россия хуже?..» Ах, рэдактары, рэдактары!..