Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 87

Ніл Гілевіч

Люблю за багацце настрояў, інтанацый, рытмаў — яны ў яго такія розныя. Ніякай скаванасці, прыгладжанасці, якія б вялі да аднастайнасці гучання, да манатоннасці. У адным і тым жа вершы ён — адпаведна руху пачуцця — можа пераходзіць з аднаго памеру на іншы, можа зарыфмоўваць дактылічную клаўзулу з жаночай і мужчынскай,— каб толькі жывой, дакладнай і праўдзівай была інтанацыя, каб толькі пачуццё не аказалася ўціснутым у «пракрустава ложа» формы.

Люблю за свежую, нечаканую рыфму. Пра яго майстэрства рыфмоўкі можна пісаць спецыяльнае даследаванне. Панчанка ўпершыню ў нашай паэзіі сістэмна перайшоў на гэтак званы акустычны прынцып рыфмоўкі — асноўны ў вусна-паэтычнай народнай творчасці, заснаваны не на аднолькавасці, а па падобнасці гукаў у клаўзулах: дастаткова, каб сугучнасць была ўлоўлена слыхам. Вось тыповыя, характэрныя для яго рыфмы: станцыя — паганцаў, грабежніцы — бежанцах, мяне — знямеў, мёртвыя — вавёркамі, належыць — начлежным, наблыталі — бітвамі, падручнікі — перакручана, поўзалі — бярозамі, парымся — кіпарысаў, уцяміць — негрыцянак, зязюлямі — зажураны, шастаў— шчасця, аркестра — не кепска, тузанула — зануда, красой — расол. Мы часта гаворым пра паэтычную вучобу ў народа і прыводзім у доказ пераймальніцкі прымітыў «а ля фальклор». А сапраўдная фальклорная школа — вось дзе. Вось у каго бачна засваенне эстэтычнага вопыту народнай песні, вось чыё «вуха», слых выхаваны, «вышкалены» паэтычнай культурай народа-песпятворцы, культурай роднага паэтычнага слова! Па сутнасці, Панчанка — рэфарматар беларускай рыфмы, яна складае адзін з элементаў яго творчага наватарства. Да Панчанкі выкарыстанне акустычнай рыфмы ў беларускай паэзіі было эпізадычным, выпадковым. Панавала рыфма дакладная. Але Панчанка любіць і дакладную ці проста багатую рыфму: перапала — ціравала, перавале — пілавалі, землетрасеннямі — асеннімі, даверуся — верасе, прыцярпецца — цяпельца, пляткарце — плацкарце, давядзецца — вядзерца, прабірцы — прабіцца, чараўнікі — чарнавікі, сурочылі — сарочыя. Нярэдкі госць у яго і састаўная рыфма: слязу лілі — на Везувіі, Ільменя — плынь мяне, грудкамі — самакруткі мы, дзяжа ў нас — дзяржаўнасць, на аркане — наракалі, шайбаў — чай быў, на пасаг — напісаць, цытатай — ці татам. Ну, а такая сэнсавая рыфма, як начканц — начхаць? Для сатырычнага верша ёй цаны няма!