Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 90

Ніл Гілевіч

Усведамленне таго, што ты прыйшоў у жыццё, каб выявіць і сцвердзіць сабою гэтае найвялікшае і найвысакароднейшае з усіх чалавечых пачуццяў,— вось той вызначальны момант, ад якога і трэба весці адлік. Усё, што робіць паэта паэтам, пачынаецца адсюль. І ўся моц-сіла ягонага слова — у гэтым жа. Без гэтага сапраўднага паэта няма і быць не можа. Бо паэт — гэта не рыфмач, не вершаскладальнік. Найбольш дакладны сінонім да слова паэт — патрыёт, ці, як цудоўна кажуць пашы сябры балгарцы,— «родалюбсц», што значыць верны сып свайго роду-племепі, той, хто горача любіць свой род і самаахвярна служыць дзеля яго ўзвышэння і працвітання.

Паэт Генадзь Бураўкін, паколькі ён паэт сапраўдны,— не выключэнне: ён таксама пачаўся з пачуцця бацькаўшчыны, сыноўняй любасці да роднага краю, і працягвае гэтым пачуццём як паэт існаваць — пачуццём непарыўнай еднасці ўласнага лёсу з лёсам свайго народа. Прыгадаем радкі з яго першай кнігі «Майская просінь» (1960):

Не шукайце красы за морамі, Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,— Прыязджайце да нас на Полаччыну, Пахадзіце яе прасторамі. Тут азёры, як неба, сінія, У чаротах чароды гусіныя, А на дне Млечным Шляхам свецяцца Трапяткія гурты язіныя. («Полаччына»)

Або — таксама пра родны кут, толькі ўжо ў іншым гістарычным плане:

Толькі ўслухацца лепш у марозны спакой, Толькі вочы закрыць на хвіліну — І пачуеш дыханне далёкіх вякоў, Старадаўнія песні-быліны. І не проста ўжо рыпнуў запознены крок, І дымком пацягнула ад фабрык,— Гэта рыпнуў Скарыны друкарскі станок, Гэта пахне друкарскаю фарбай. Рукавом выцер потны, задумлівы твар, Стаў пад лютаўскім ветрам, ля сходак, З хрустам плечы расправіў стамлёны друкар, Мой разумны, няўрымслівы продак. («Полацкая балада»)

Хораша, вельмі хораша пачынаў адкрываць для сябе і для сваіх сучаснікаў родную зямлю і яе гісторыю дваццацігадовы паэт! Хораша пачынаў і гэтак жа хораша — на даверлівай інтанацыі, на свабодным дыханні, вобразным і дакладным радком — працягваў усе гады далей, ва ўсіх наступных кніжках («З любоўю і нянавісцю зямною», 1963; «Дыханне», 1968; «Жніво», 1971; «Выток», 1974; «Варта вернасці», 1978). З тою, можа быць, розніцай, што яго сыноўняе прызнанне ў любові і вернасці Беларусі, яго шчырая споведзь удзячнасці і абавязку перад сваім народам натуральна паглыбляліся і набывалі адбітак той мудрай разважлівасці і спакойнай упэўненасці, што прыходзяць з узростам.

Не асляпляў ты воч. Быў просты Ва ўсе вякі твой родны ўзор: Гаёў бялюткая бяроста, Густы блакіт лясных азёр, І лён, зусім як неба, сіні, І ўсе ў рамонках берагі... Мой беларускі, мой адзіны Край, ад калыскі дарагі... («Край мой...»)

У адзін шэраг з гэтым становяцца такія слаўныя вершы канца 60-70-х гадоў, як «Рэкі Беларусі», «*** Словы жудасна паміраюць...», «*** Над дарогай — туман ці пыл...», «*** Мы дома песень менш знаходзім...», «*** Хто раней, хто пазней...», «*** Мая вясковая хаціна...», «*** Хтось палюе на сініцу...», «*** Люблю свой край зялёны і спакойны...», «*** Ты, мой народ, мяне не папракнеш...», «Мінскі трыпціх...», «*** Вечарамі на чужых узгорках...», «*** Я над аджылым не дрыжу...», «*** Не кліч мяне музыкай модненькай...», «Удзячны лёсу...», «Вяртанне песні...», «*** Заморскія далікатэсы...», «Выток», «*** Народ мой, дзякую табе...», «*** У гарадскім нямоўклым гуле...», «Прыязджайце дадому!..», і нарэшце — лепшае, што стварыў Бураўкін на гэтую тэму і наогул з усяго ім дасюль напісанага,— паэма «Ленін думае пра Беларусь» (размова пра якую будзе далей асобная).