Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 86

Ніл Гілевіч

Я люблю яго паэзію за гэту публіцыстычную адкрытасць, за гэту «лінію высокага напружання», што праходзіць па яго душы і нервах без хітравата-падлаватай застрахоўпай ізаляцыі. Люблю за мужнасць даверу і мужнасць быць да канца шчырым у размове з людзьмі і з самім сабой. Глядзіце, з якім засмучэннем і болем, не тоячыся, падсумоўвае ён пэўны перыяд у сваім жыцці і творчасці:

Растрачана дзён незваротных нямала На дробязь, на глупства, на тосты, на мель.

Тосты, вядома, маюцца на ўвазе менш за ўсё застольныя.

Нашы доўгія дарогі... Сам сябе не раз пытаў: Ці далучаны хоць трохі Да людскіх вялікіх спраў?

Гэта пытаецца ў сябе — трывожна і пакутна — чалавек, які ўвесь — да апошняга радка — далучаны да людскіх спраў, да барацьбы за чалавечнасць.

Люблю яго роздумы, яго балючыя споведзі, ад якіх — і сумна, і горка, але якія прымушаюць задумацца, азірнуцца на свет і на сябе.

Клянёмся, што жывём усе мы дружна, Ды першы друг мой дом зусім забыў, Другі застыў у сытым раўнадушшы, А трэцяга і сам я разлюбіў. Ідуць гады, Рады сяброў радзеюць, А новых мне, напэўна, не знайсці...

Люблю, бо разумею, што яму баліць, ад чаго ён пакутуе. Яму па-чалавечы сорамна за людзей, сорамна, што ў паш час, пасля такой жахлівай вайны, пасля столькіх ахвяр, калі замочана такая «вялікая плата за шчаслівы наш дзень»,— мы спакойна глядзім, як «удава б'е паклоны царку» — з-за каня, з-за палена дроў, а самі «загрудкі бяромся з-за розных прэмій...».

Люблю яго паэзію за маральны максімалізм, за мужнасць не ўхіляцца ад праўды, якой бы горкай яна ні была, і за мужнасць безаглядна, без дыпламатычнай мімікрыі біць свалату і дрэнь, паскуднікаў і нягоднікаў самай рознай масці. Як трапна, бязлітасна-з'едліва, знішчальна характарызуе ён гэтых «ліхвяроў з душою садзіста», «самаўпэўненых крэцінаў» і «настырных дзяляг», «хцівых баязліўцаў» і «пачцівых халтуршчыкаў», «алілуйшчыкаў» і «кабінетных сланоў», «нацыянальных капшукоў» і «канцылярскае дуб'ё»! Як пагарджае і ненавідзіць ён «атлусцелае мяшчанства», «рабства дачаў і аўтамашын», «рабскі дух кар'ерызму», «тупую веліч» і «ліпкае халуйства», «п'янае дзікунства і паклёп», «заліхвацкі рогат скамарохаў» над святынямі!

Люблю за высокую грамадзянскую чуйнасць да вялікіх і малых трывог веку, за несціханую, як боль, заклапочанасць лёсам чалавека і чалавецтва, лёсам роднага краю і ўсёй зямлі.

Што нам прынясуць наступныя гады? Толькі б не сышлася сіла з сілай, Толькі каб не сталі гарады Атамнаю брацкаю магілай.

Люблю за прафесійнае майстэрства, за высокую культуру пісьма, паэтычнага радка, слова. У Панчанкі трэба гэтаму вучыцца нашай літаратурнай моладзі. Вядома, што культура верша пачынаецца з культуры мыслення, думання, з культуры пачуцця. Панчанка піша мовай багатай, прыгожай, сакавітай, сапраўднай беларускай мовай, не засмечваючы яе вузкамясцовымі, незразумелымі для шырокага кола чытачоў дыялектызмамі, жарганізмамі і іншымі падобнымі непатрэбствамі. Яго паэтычная мова не ведае какафоніі, гугнявасці і заіклівасці, сінтаксічнай грувасткасці і псеўданароднага прымітывізму, у ёй мы не знойдзем пачварных слоў-абрубкаў, слоў-калек, слоў-неданоскаў, слоў гарбатых і кульгавых, якімі так стракацяць зборнікі некаторых сучасных нашых паэтаў. У гэтым сэнсе Панчанка — верны наследнік традыцый найвялікшых паэтаў свету, якіх вызначае, апрача ўсяго іншага, зайздросна высокая культура паэтычнага слова.