Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 85

Ніл Гілевіч

У маім асабістым літаратурным лёсе паэзія Панчанкі займае асаблівае месца. Вось ужо больш трох дзесяткаў гадоў — нязменна і з неаслабнай сілай — стукаюцца ў маё сэрца яго радкі.

А пачалося ўсё з таго дня, калі я, вясковы падлетак, упершыню прачытаў — калі не падводзіць памяць — у часопісе «Беларусь» верш «Зварот» (мабыць, гэта быў перадрук, бо твор напісаны ў 1942 г.).

Меднастволы, як выліты, высіцца бор, Зацвітае на ўзлессі блакітны чабор, Заглядзелася сонца у люстра азёр,— Гэта ты, мая Беларусь! Сіні ранак. Дзяўчына збіраецца жаць, На плячы маладзік — серабрысты серп, А наўкол наліўныя сады ляжаць, Бурштыновыя яблыкі у расе,— Гэта ты, мая Беларусь!

Помню ўражанне: яно было ашаламляльнае. У той момант здалося мне, што яшчэ ніхто пра Беларусь гэтак прыгожа не пісаў. Я многа разоў паўтараў гэтыя радкі па памяці і ўсё не мог вызваліцца ад іх чараў. І так жа мне хацелася напісаць самому — нешта хоць бы трохі падобнае на гэты паэтычны цуд!.. З таго часу я не прапускаў у часопісах і газетах ні аднаго радка, падпісанага крыху незвычайным імем: Пімен Панчанка. Неўзабаве мне пашанцавала: я купіў у Мінску зборнік «Далёкія станцыі» — з вершамі «Герой», «Коні», «Зубры», «Палескі напрамак», «У мяне не забілі нікога...», «Мая геаграфія», «Я не піў на тваім вяселлі» і з нізкай «Іранскі дзённік». Дагэтуль захоўваю яго на кніжнай паліцы як адну з самых дарагіх памятак незабыўнай пары ранняга юнацтва, пары першых паэтычных трывог і хваляванняў.

А пасля — помню сваё недаўменне, калі вельмі шчырае і светлае лірычнае прызнанне «Я тэмы для вершаў старанна вышукваў...», якое я таксама любіў паўтараць для сябе па памяці, было ў адным артыкуле аднесена да ўпадніцкіх і таму заганных. А яшчэ пазней — у газеце «Літаратура і мастацтва» былі апублікаваны «Прыстасаванцы» — і для мяне на ўсю моц адкрылася новая якасць паэта — непрымірымага ворага мяшчанства, кар'ерызму і бюракратызму, паэта-барацьбіта за ленінскія прынцыпы грамадскай маралі, за чысціню і прыгажосць нашага сацыялістычнага агульнажыцця.

Звычайна, калі гавораць пра дасканалае ці проста высокае майстэрства паэта, карыстаюцца азначэннямі «почырк майстра», «рука майстра», «работа майстра». Мне ж думаецца, што трэба гаварыць перш за ўсё пра душу і сэрца майстра. «Почырк» і «рука» можа быць і ў вопытнага рамесніка, почырк можна выпрацаваць, а руку — «набіць». Сапраўдны ж майстар пачынаецца з душы і сэрца, і ўся яго сіла, усе чары яго паэтычнага слова — адтуль.

Сярод нашых самых выдатных паэтаў (а кожны з іх выдатны па-свойму) Пімен Панчанка — найбольш эмацыянальны, пачуццёва адкрыты. Ён ніколі не ўсядаўся на паэтычным алімпе ў застылай позе бажка, з важнай мінай мэтра на абліччы. Яго творчасць у найбольшай меры трымаецца па жывой інтанацыі, у яго — найбольш высокая ступень непасрэдпасці ў размове з чытачом. У гэтым сэнсе іменна ён бліжэй, чым хто-небудзь іншы з нашых паэтаў, стаіць да Маякоўскага. І не толькі гэтым, а, напрыклад, і напалам гневу, іроніі, сарказму, пафасам сатырычнага выкрыцця. А між тым да вучняў Маякоўскага часам залічваюць гучных одапісцаў — толькі затое, што гучныя.