Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 84

Ніл Гілевіч

Прыйшоўшы ў беларускую літаратуру яшчэ ў пачатку 20-х гадоў, Юрый Паўлавіч Гаўрук паспеў нямала зрабіць, асабліва за апошнія два з гакам дзесяцігоддзі. Значэнне яго творчага плёну ў галіне мастацкага перакладу цяжка пераацаніць — колькі вялікіх імён сусветнай літаратуры, колькі несмяротных шэдэўраў далучыў ён сваёй працай да нашай мастацкай скарбніцы! Талентам і ўзроўнем майстэрства ён па праву заслужыў вядомасць і прызнанне не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім Савецкім Саюзе і далёка за межамі Радзімы. Імя Юрыя Паўлавіча Гаўрука неадменна называецца сярод імён самых выдатных паэтаў-перакладчыкаў нашай краіны, сярод тых, што закладалі асновы і фарміравалі савецкую школу мастацкага перакладу. Аўтарытэт яго сярод практыкаў і тэарэтыкаў гэтай галіны мастацкай творчасці вельмі высокі. І зразумела ж — вельмі высокія яго заслугі ў справе развіцця і ўмацавання літаратурных і культурных узаемасувязей паміж народамі.

Але Юрый Паўлавіч Гаўрук быў яшчэ і таленавітым арыгінальным творцам. Калі мы збяром у адно і прапануем чытачам, зробленае ім у розных жанрах літаратуры — не толькі шматлікія пераклады, але і яго вершы і паэмы, апавяданні і нарысы, артыкулы і рэцэнзіі,— мы ўбачым, што яго творчы плён важыць куды больш, чым нам магло дагэтуль здавацца, і што гэты таленавіты, сціплы і высакародны працаўнік на ніве роднай літаратуры заслугоўвае вялікай пашаны і доўгай памяці, заслугоўвае таго, каб нашчадкі чыталі яго і перачытвалі. У яго літаратурнай спадчыне амаль нічога няма выпадковага, як сапраўдны майстар, ён усё рабіў кваліфікавана, трывала і надоўга, бо ва ўсё ўкладаў не толькі ўменне, вопыт, розум, але і душу, і сэрца. Творчай працы ён аддаваў сябе шчодра і да астатку, і ў гэтым быў прыкладам для ўсіх, хто яго ведаў, і застанецца прыкладам для тых, што прыйдуць у літаратуру заўтра.

1979

Душа і сэрца майстра

Некалькі гадоў назад у невялікім вершы-пасланні «Маладзейшым» Пімен Емяльянавіч Панчанка пісаў:

Вы мне нічым не абавязаны, Жадаю гучнай; вам вядомасці. Але было ўсё ж нешта сказана: Яно у вашай падсвядомасці.

Святая няпраўда, што нічым не абавязаны! Яшчэ як абавязаны! Даследчыкі беларускай паэзіі, спадзяюся, яшчэ напішуць, якой плённай была вучоба ў Пімена Панчанкі многіх з тых, што пачыналі свой творчы шлях у 40-я, у 50-я і 60-я, што пачынаюць сёння.