Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 83

Ніл Гілевіч

Мележ быў у найбольшай ступені, чым хто іншы з нашых сучасных празаікаў, беларускі пісьменнік, беларускі ва ўсім, што ім напісана: ці гэта вялікі раман, ці невялікае апавяданне, ці артыкул аб літаратуры, ці проста кароценькае пісьмо вучням вясковай школы аб тым, як трэба берагчы і шанаваць найвялікшы скарб народа — родную мову. У гэтым таксама — яго неацэнны ўрок і запавет нам, сучаснікам, і вядома ж — нашым нашчадкам, што будуць жыць, чытаць і самі тварыць заўтра.

* * *

Напрадвесні 1954 года камісія па рабоце з маладымі Саюза пісьменнікаў Беларусі абмяркоўвала творчасць невялічкай групы аўтараў на прадмет іх рэкамендацыі ў Саюз. У спіску, абвешчаным у запрашэнні, значылася і маё імя. Першы, хто ўзяў слова, калі я, хвалюючыся, прачытаў свае вершы, быў Мележ. Дзённік, які, хоць і не рэгулярна, вёў я ў студэнцкія гады, захаваў змест яго выступлення. «Таварышы, я не буду падрабязна спыняцца на разглядзе вершаў, і наогул не буду гаварыць многа. Я скажу толькі адно: у гэтага маладога паэта я веру...» Як зараз бачу: ён сядзіць непадалёк ад акна, амаль на покуці, і, гледзячы на мяне, усміхаецца той асаблівай мележаўскай усмешкай, не паддацца якой і не адазвацца сэрцам на якую проста немагчыма. Столькі ў ёй шчырай прыязні і цеплыні, столькі мяккага душэўнага святла і сяброўскага даверу!..

Зноў і зноў бачу яе, незабыўную ўсмешку Мележа, і зноў і зноў паўтараю моўчкі словы, якія, на шчасце, паспеў яму неаднойчы сказаць і пры жыцці:

— Дзякуй, дарагі Іван Паўлавіч. Дзякуй за ўсё — за веру і за давер, за дружбу і за падтрымку... А перш-наперш — за тое, што ты зрабіў для нашай літаратуры, для нашага народа, для нашай любай Бацькаўшчыны. Дзякуй!

1979

Паэт інтэлігент Брусаўскай школы

Памяці Ю. П. Гаўрука

Юрый Паўлавіч Гаўрук быў чалавекам вельмі светлай душы, багатай артыстычнай натуры і рэдкай прыроднай інтэлігентнасці. Таленавіты паэт і перакладчык, ён паспяхова выступаў таксама і як празаік, і як літаратурны і тэатральны крытык, і як тэарэтык мастацкага перакладу, і ва ўсім вызначаўся сапраўдным прафесіяналізмам, грамадзянскай прынцыповасцю, высокім пачуццём адказнасці. Выхаванец брусаўскага літаратурнага інстытута ў Маскве, чалавек вялікай духоўнай культуры, ён быў верным рыцарам паэзіі і мастацтва, беззапаветную любоў да якіх з годнасцю пранёс праз усё жыццё, праз усе нялёгкія выпрабаванні, што выпалі на яго долю. Іменна любоў і вера ў хараство паэтычнага слова, а гэта значыць — у хараство і чароўнасць жыцця, у дабрыню і чалавечнасць людзей, прыдавалі яму мужнасці па крутых паваротах лёсу. Як літаратар Юрый Паўлавіч жыў пераважна і перш за ўсё клопатамі аб узбагачэнні мастацкага набытку свайго народа, аб ідэйна-эстэтычным узбраенні савецкага чалавека,— пра гэта ён заўсёды думаў, пра гэта гаварыў, пра гэта турбаваўся. Не магу прыгадаць выпадку, каб ён у друку ці ў вуснай гутарцы апускаўся да бяскрылага бытавізму, пагружаўся ў дробную і небяспечную для мастака прозу абыдзённасці. Яго душа сягала вышэй і далей гэтага, бо і ў жыцці і ў працы ёй кіраваўся толькі адным: гарачай і перакананай зацікаўленасцю ў тым, каб было лепш для паэзіі, для мастацтва, для роднай беларускай культуры. Выключна сціплы ў жыцці рамантык і бессярэбранік, Юрый Паўлавіч не ўмеў быць несправядлівым, шчыра радаваўся творчым поспехам і ўдачам сваіх таварышаў і калег, умеў і стараўся дапамагчы ім, падзяліцца з імі сваімі ведамі і вопытам.