Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 81

Ніл Гілевіч

* * *

Апошні раз мы бачыліся з ім у Маскве, у Крамлі,— на VI Усесаюзным з'ездзе пісьменнікаў. Там жа адбылася ў нас апошняя сяброўская гутарка аб жыцці і літаратуры. Абвясцілі, што беларуская дэлегацыя павінна сабрацца ў Георгіеўскай зале для фатаграфавання на ўспамін. У чаканні гэтага моманту, мы амаль гадзіну «шнуравалі» з ім па дывановых дарожках — туды і назад уздоўж усёй залы,— і нішто нам не перашкаджала шчыра і даверліва, як заўсёды, гутарыць. Мележ быў у досыць добрым настроі, быў задаволены той высокай ацэнкай, што была дадзена яго творчасці ў дакладзе і ў прамовах некаторых паважаных пісьменнікаў, а галоўнае — тым, што на з'ездзе прагучалі вельмі сур'ёзныя выступленні, дух і змест якіх адпавядаў ягоным поглядам, разуменням, пазіцыі. А яшчэ падзяліўся са мной радасцю сустрэч з многімі прадстаўнікамі братніх літаратур, якіх ён паважаў і чыёй думкай даражыў, пераказаў коратка прыемныя для яго размовы з імі, выказаўшы пры гэтым амаль да кожнага свае сімпатыі: ён умеў быць удзячным і на павагу заўсёды адказваў павагай. А яшчэ... сказаў, што з Масквы адразу ж едзе ў Ялту ў санаторый, што са здароўем — кепска, зусім кепска, і што яго трывожыць толькі адно: ці паспее ён закончыць сваю «Палескую хроніку»...

Па заканчэнні з'езда, на прыёме, мы зноў былі разам, разам абыходзілі, праціскаючыся праз вясёла-тлумны натоўп, знаёмых, і зпоў Іван Паўлавіч быў у гуморы, жартаваў, смяяўся, кідаў дасціпныя рэплікі. Дэлегаты — хто ў гэты ж вечар, хто назаўтра — меліся ад'язджаць дадому і таму зараз развітваліся. І кожны са знаёмых Мележа гаварыў: «Да скорай новай сустрэчы, Іван Паўлавіч! Да скорай сустрэчы!..»

З Крыма ён вярнуўся зусім хворы. Я не ведаў, што ён ужо зноў у Мінску. Ён пазваніў мне за дзень да майго ад'езду ў Кактэбель і сказаў, што кладзецца ў бальніцу і што, відаць, дасць згоду на вельмі цяжкую аперацыю, інакш дактары нічога добрага не абяцаюць. «Паспрабую патрымацца хоць колькі на «штучных нырках». Чытаў пра аднаго англічаніна, што ўжо каторы год абыходзіцца з дапамогай гэтага апарата... Шкада, што кнігу не закончыў. Так і застанецца незавершанай...» Я стараўся знайсці ў адказ слова, якое магло б яго хоць трохі разважыць і падтрымаць, але яно мне чамусьці не давалася. На душы стала вельмі трывожна. Іван Паўлавіч пажадаў мне плённага адпачынку і шчаслівай дарогі.

* * *

Усякая нацыянальная літаратура складаецца з талентаў рознай велічыні і значэння, кожны з якіх прыносіць свой — большы ці меншы — уклад у агульную духоўную скарбніцу нацыі. Ёсць у літаратуры людзі невялікіх мастацкіх здольнасцей, якія, дзякуючы працавітасці, сумленнасці, грамадзянскай мужнасці, могуць сказаць няхай сабе і сціплае, але сваё слова «пра час і пра сябе» і тым самым чэсна паслужыць народу і Радзіме. І чытачы за гэта ім шчыра ўдзячныя.

Ёсць у літаратуры таленты больш значныя, моцныя, яркія, самабытныя, творчасць якіх карыстаецца шырокай вядомасцю і папулярнасцю, удзел якіх у духоўным і культурным жыцці грамадства вельмі прыкметны і адчувальны. І ўдзячныя чытачы выказваюць ім сваю глыбокую павагу.