Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 79

Ніл Гілевіч

* * *

Яшчэ адзін штрых, без якога партрэт Мележа — чалавека і пісьменніка — быў бы, на маю думку, вельмі няпоўны — гэта яго незвычайная любоў да народнай песні, да фальклору ў цэлым.

Што Мележ любіць, цэніць і добра ведае вусна-паэтычную народную творчасць, і асабліва — песні, гэта можна ўбачыць з яго кніг, з яго раманаў, апавяданняў, артыкулаў. Але сябры і таварышы Івана Паўлавіча ведаюць гэта і па асабістых уражаннях. Некалькі характэрных сведчанняў-эпізодаў трымаецца і ў маёй памяці, і я хацеў бы пра іх расказаць.

Неўзабаве пасля апублікавання ў «Полымі» вялікай часткі маёй працы «Паэтыка беларускіх загадак», я зайшоў у рэдакцыю часопіса да загадчыка аддзела крытыкі і літаратуразнаўства Р. В. Шкрабы. «Хай бы вы ўчора гэткай нарою прыйшлі»,— са шкадаваннем сказаў ён мне. «А што такое?» — пытаюся. «Пабылі б на пасяджэнні рэдкалегіі, на абмеркаванні апублікаваных матэрыялаў. Вы многа страцілі, што не чулі выступлення Мележа. Зрэшты, і ўсе мы страцілі, што не здагадаліся прынесці магнітафон або запрасіць стэнаграфістку. Спыніўшыся на вашым артыкуле «Паэтыка загадак», ён амаль усё выступленне — напэўна, з паўгадзіны — прысвяціў народнай паэзіі. Гэта было такое слова пра беларускі фальклор, якое вартае цэлага курса лекцый. І ведаеце, як кончыў? Сказаў: я ганаруся народам, які стварыў такую цудоўную паэзію. І я шчыра ўдзячны тым, хто гэтую паэзію для нас адкрывае!»

Што і казаць: сапраўды, было чаго мне пашкадаваць у тую хвіліну; але яшчэ больш было чаго парадавацца. Думка Івана Паўлавіча значыла для мяне вельмі многа.

Прыкладна тады ж, можа, тыдзень-другі пазней, звоніць ён аднойчы вечарам па тэлефоне і запрашае: «Прыходзь — паслухаем разам песні. Мне ўдалося набыць у выдатным выкананні і ў дасканалым запісе мае любімыя песні: народныя, а таксама «Спадчыну» і «Алесю» Лучанка... Чамусьці мне хочацца паслухаць іх разам з табою. Прыходзь. Бяры сваю Ніну Іванаўну, і прыходзьце. Калі, вядома, запрашэнне нейкага дылетанта ад фальклору варта ўвагі»,— закончыў ён звыклым жартоўным топам. Канешне, праз некалькі хвілін — балазе, недалёка,— мы былі на кватэры ў Івана Паўлавіча... Круцілася стужка, гучалі песні. Я кідаў зрэд часу позірк на гаспадара — незвычайна задуменнага, паглыбленага ў самога сябе, у бог ведае якія ўспаміны і летуценні... Здавалася, нішто зараз не можа адарваць яго ад гэтага пакланення хараству. Ён слухаў народныя песні так, як самы набожны ў свеце чалавек слухаў бы ў храме ўрачыстую месу!..

Матчына песня!.. Бясконца многа ўмясцілася ў гэтыя два словы — цэлыя эпохі, стагоддзі і тысячагоддзі народнага жыцця-быцця, лёс дзесяткаў і соцень пакаленняў. Асабіста я ўпэўнены, што ўсякі паэт і пісьменнік пачынаецца з яе, матчынай песні, што выток — там. Так было, не сумняваюся, і з Мележам. Усё пачалося тады, калі хлапчук упершыню анямеў ад хараства роднай палескай песпі, калі ў яго ўсё замёрла ў душы — пры яе гуках, яе словах і мелодыі, і яшчэ не ўсвядомлена ён адчуў сваю вялікую роднасць з гэтым цудам паэзіі і музыкі, адкрыў гэта для сябе як таямніцу і зразумеў нешта такое, чаго словамі дакладна ніколі не выкажаш, але ў што будзеш верыць і за чым будзеш ісці праз усё жыццё...