Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 80

Ніл Гілевіч

Апошні раз матчыны песні — у дакладным сэнсе слова — Мележ слухаў 20 красавіка 1976 года на сваім аўтарскім вечары ў тэатры імя Янкі Купалы, які, па настойлівай просьбе самога Івана Паўлавіча, мне выпала весці. Кажу: «у дакладным сэнсе» таму, што гэта сапраўды былі песні, якія спявала калісьці яго маці, цёткі і суседкі, пазней — сёстры і дзяўчаты-равесніцы, і гучалі яны зусім так, як тады, калі ён іх чуў у далёкія гады маленства і юнацтва ў роднай палескай вёсцы. Бо гэта і былі песні адтуль — іх прывезлі Івану Паўлавічу яго землякі, удзельнікі народнага хору вёскі Глінішча Хойніцкага раёна,— прывезлі як падарунак ад роднай зямлі, як выказ сваёй шчырай павагі і любові да вялікага сына Палесся.

Шумяць вербы каля грэблі, Што я пасадзіла. Няма таго міленькага, Што я палюбіла.

За «вербамі» ішла «крынічанька», затым «дробны дождж», затым — «ой, у лузе каліна» і іншыя... Каму пашчасціла быць па тым апошнім аўтарскім вечары Мележа, той помніць, як уважліва слухаў ён выступленне хору і з якім хваляваннем пасля, у сваім заключным слове, дзякаваў спевакам. У вечары прымалі ўдзел і пісьменнікі, і артысты тэатра, Іван Паўлавіч падзякаваў і ім, але з асаблівай расчуленасцю і цеплынёй адрасаваўся да землякоў. Гэтак жа было пасля і на вячэры, на якую ён запрасіў усіх удзельнікаў вечара. І там, у застоллі, ён амаль усю сваю ўвагу скіроўваў па глінішчанскіх харыстаў, яшчэ і яшчэ раз выказваў ім удзячнасць, падкрэслена прызнаваўся, як ён рад іх прыезду і іхняму чароўнаму падарунку. Сёння я думаю (а тады і ў галаву прыйсці не магло такое), што ў той красавіцкі вечар даўно і цяжка хворы Іван Паўлавіч дзесьці падсвядома адчуваў: гэта яго апошняя сустрэча з матчынай песняй, з роднаю вёскай і землякамі, з любым сэрцу Палессем. Ён развітваўся з імі назаўсёды, і таму так шчыра і горача дзякаваў — за ўсё, чым быў абавязаны ім у жыцці. І за апошнюю магчымасць сустрэчы — таксама. Вядома, гэта не ўсведамлялася ім, пра гэта ён у тыя шчаслівыя хвіліны не думаў. Ён думаў, што вяртанне — праз песню і гаворку землякоў — у родны кут, у далёкія даваенныя гады, дапаможа яму ў працы над кнігай, якую ён павінен завяршыць. Ён так хацеў яе дапісаць да канца — гэту найвялікшую кнігу сучаснай беларускай прозы... На жаль, бязлітасны лёс не пайшоў нам і нашай літаратуры насустрач: праз тры з палавінай месяцы Івана Паўлавіча не стала.