Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 78

Ніл Гілевіч

Глыбокая ўнутраная культура і сапраўдная, непаказная інтэлігентнасць Івана Паўлавіча Мележа выяўлялася і ў яго ваяніўчым непрыманні пошласці, хамства і цынізму, дзе бы якіх формах яны ні давалі сябе адчуць. Я не думаю, што тут жа трэба хутчэй рабіць агаворку: не, не, Мележ не быў святы! Я і не збіраюся абвяшчаць яго гэткім. Я толькі хачу падкрэсліць, што ён ненавідзеў і не цярпеў пошласць, абураўся праявамі цынізму, эмацыянальнай грубасці і этычнай бестактоўнасці. Асабліва — у літаратуры і мастацтве. Напрыклад, яго вельмі засмучала зніжэнне ўзроўню эстэтычнай культуры на сцэне некаторых беларускіх тэатраў. Да гэтай тэмы ён вяртаўся ў размовах са мной досыць часта. «Нельга ж цягнуць на сцэну такую вульгаршчыну,— гаварыў ён,— нельга брудныя, нізкапробныя «хохмы» выдаваць за народны гумар! На які гэта густ разлічана? На ўбогі і прымітыўны, а сапраўды культурнага гледача гэта можа толькі абразіць!.. Якая маральная глухата — за ўсім гэтым, якая эстэтычная неграматнасць!..» Непагадзіцца з Іванам Паўлавічам было, на вялікі жаль, немагчыма.