Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 77

Ніл Гілевіч

На пасяджэннях камісіі ён патрабаваў уважлівага і добразычлівага разгляду кожнай кандыдатуры, і яму вельмі не падабалася, калі той ці іншы член Камісіі спяшаўся наперад, да абмеркавання, выказаць агульную адмоўную ацэнку, а тым больш спрабаваў што называецца «пазубаскаліць» па адрасу сумніцельнага, на яго думку, прэтэндэнта. «Мяне проста здзіўляюць такія несур'ёзныя адносіны да справы,— гаварыў, хвалюючыся, Іван Паўлавіч,— нам трэба помніць, што тут сёння рашаецца, можа быць, лёс чалавека. Можа, таварыш сапраўды яшчэ не мае дастатковых падстаў, каб прыняць яго ў пісьменніцкую арганізацыю. Дык жа гэта трэба абгрунтаваць, давесці канкрэтным разглядам яго творчасці!..» Помню яго глубокае засмучэнне, калі хто-небудзь з небезнадзейных маладых на камісіі «правальваўся». Пасля пасяджэння ён затрымліваўся з бліжэйшымі сябрамі там жа ў кабінеце або на вуліцы і доўга не мог супакоіцца: «Жорсткасці і раўнадушнасці мнагавата ў нас, а даверу мала. Забыліся, з якімі вершамі ці апавяданнямі прымалі калісьці саміх...» Так вучыў нас добразычлівасці, можа быць, самы строгі і патрабавальны сярод сваіх сучаснікаў майстар слова.

* * *

Перагортваю збор твораў Івана Паўлавіча і ў адным з тамоў зноў затрымліваю ўвагу на фотаздымках пісьменніка пары юнацтва — даваеннай і ваеннай, салдацкай, маладосці. У Мележа, як і ў яго пакалення, была прыгожая маладосць — суровая, нялёгкая, але прыгожая... Маладосць, якой не трэба было саромецца, якой можна было ганарыцца... Углядаюся ў фотаздымкі, успамінаю дзённікі Мележа ваенных гадоў — яго «Першую кнігу» — і міжволі успамінаю пісьмы Леаніда Гарэцкага, апублікаваныя колькі гадоў таму ў часопісе «Маладосць». Леанід Гарэцкі і Іван Мележ — людзі аднаго пакалення, і як жа шмат агульнага ў тых праўдзівых дакументах аднаго і другога! На фотаздымках — абрысы твару і позірк юнака вельмі сур'ёзнага, сталага, без кроплі позы ці самалюбавання. Тое ж і ў дзённіках, напісаных дваццацігадовым салдатам: сацыяльная, грамадзянская сталасць. Ва ўсім — пачуццё чалавечай годнасці і адказнасці за гэтую сваю годнасць, за свой абавязак, за тое, што табе даверыла Радзіма. Так пачынаўся Мележ-пісьменнік, Мележ-грамадзянін, Мележ-камуніст. І не выпадкова тэма станаўлення чалавека ў маладыя гады, тэма выбару жыццёвай дарогі, жыццёвай пазіцыі так хвалявала пісьменніка... Juvenus dum sumus! — гаварылі старажытныя лаціняне,— Пакуль мы маладыя!.. Пакуль маладыя — трэба думаць аб тым, як пражыць жыццё, кім стаць у жыцці, і думаць сур'ёзна, вельмі-вельмі сур'ёзна! Мележ — думаў сур'ёзна. І менавіта гэта прывяло яго, сарамяжлівага юнака з палескай глыбінкі, у Маскву, у Інстытут філасофіі, літаратуры і мастацтва, на вучобу. У яго была вялікая прага пазнання, духоўнага самаўзбагачэння. Не ведаю чаму, але калі я думаю пра гэты перыяд у біяграфіі Мележа, я міжволі ўспамінаю пра студэнцкія гады Твардоўскага. Як сур'ёзна, па сведчанню аднакурснікаў, ставіўся да вучобы ўжо тады шырока вядомы паэт, як грунтоўна «штудыраваў» ён курсы лекцый па гісторыі літаратуры, па эстэтыцы, па філасофіі і іншых дысцыплінах! Гэтая грунтоўнасць адукацыі — пры магутным прыродным розуме — ах, як яна была бачна пасля ва ўсім, што выходзіла з-пад пяра Твардоўскага! Тое ж і ў Мележа: шырыня дасведчанасці, глыбіня разумення, упэўненасць перакананняў,— адным словам, грунтоўнасць. Ён не быў падобны на тых сяк-так збольшага прычэсаных напаўінтэлігентаў, што засвойваюць курс навук партатыўным спосабам і пасля ўсё жыццё захоўваюць у сваім духоўным абліччы штосьці ад былога завочніка-троечніка. У яго была сапраўдная адукацыя і сапраўдная культура. Ён быў інтэлігент у поўным сэнсе слова. Дарэчы, ён мог бы мець і вучоную ступень — пачатая ім у аспірантуры дысертацыя пра творчасць Кузьмы Чорнага засталася незавершанай толькі таму, што яго цалкам захапіла праца над раманам, адарвацца ад якой, адчуваў ён, было б неапраўданым. Жартам ён неаднойчы выказваў шкадаванне, што не стаў «кандыдатам» і «доктарам», а не жартам — заўсёды з павагай і з нейкай асаблівай прыхільнасцю адносіўся да вучоных-літаратуразнаўцаў, любіў з імі сустракацца і гутарыць і меў сярод іх нямала блізкіх і добрых сяброў. Гэтым ён як бы падтрымліваў і правяраў свой тэарэтычны і наогул інтэлектуальны ўзровень, неабходны для сур'ёзнай працы ў літаратуры. Гэта, відаць, жывіла яго творчую думку, актывізавала яго моцную прыродную здольнасць самастойна мысліць. Літаратары прымітыўныя таму і прымітыўныя, што мысліць не ўмеюць: глытаюць гатовыя, атрыманыя па ўказках-рэцэптах, пілюлі і «па-мастацку» разжоўваюць іх.