Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 76

Ніл Гілевіч

* * *

З вялікай павагай і любоўю да літаратуры ў душы Івана Паўлавіча Мележа натуральна суседнічалі, жылі і вялікая вера ў яе заўтрашні дзень, і шчыры клопат пра яе будучыню. Папраўдзе, гэтыя разуменні — павага, любоў, вера, клопат — і неаддзельныя адно ад другога, ва ўсякім разе ў сэрцы Мележа ўсё гэта было звязана адным жывым вузлом. Мележ верыў у маладыя літаратурныя таленты, давяраў ім, радаваўся іх паяўленню, стараўся падтрымаць іх узыходжанне. Не скупіўся на добрае слова — вуснае ці пісьмовае, але — падкрэсліваю — толькі па адрасу талентаў сапраўдных, арганічных, шчырых, якія ён адчуваў беспамылкова — па першай публікацыі, пры першым знаёмстве. Увогуле ж ён словам пахвалы не раскідваўся, графаманы і нахабныя пранырлівыя рамеснікі яго ласкай не грэліся; як вопытны, надзелены агромністым мастацкім чуццём, майстар — зерне ад мякіны ён адбіраў упэўнена. Перачытайце яго даклады і выступленні, змешчаныя ў кнізе «Жыццёвыя клопаты»; у іх вы не знойдзеце імён выпадковых, не пазначаных «божым дарам», як гэта мы часам бачым у выступленнях некаторых крытыкаў і дакладчыкаў, калі ўперамешку з імёнамі сапраўды вартымі пахвалы, як бы ў абразу ім, ідуць імёны яўных графаманаў і іншых літаратурных недарэкаў. Чытаеш такія артыкулы, слухаеш такія даклады і думаеш: ці таварыш не мае густу, ці яму бракуе мужнасці і прынцыповасці, ці проста ад раўнадушнасці ён увогуле не ведае, хто чаго варты? Мележ — ведаў. Чытаў сам творы маладых. І шчыра цікавіўся іх пісьменніцкім і чалавечым лёсам. Прычым, сачыў не толькі за маладой прозай, але і за паэзіяй, і за драматургіяй, і за крытыкай. Яго — хапала на ўсіх. Абы б толькі гэта быў шчыры талент. Многія з сённяшніх вядомых нашых літаратараў сярэдняга і маладзейшага пакаленняў здымаюць з паліцы яго кнігі і з пачуццём удзячнасці чытаюць яго дароўныя аўтографы, у якіх столькі даверу, цяпла, дабрыні, столькі сяброўскай падтрымкі!..

Наконт падтрымкі хачу тут сказаць некалькі слоў асобна. Клопат аб будучыні роднай літаратуры — гэта і ёсць перш за ўсё падтрымка талентаў у тым узросце і становішчы, калі яны маюць асаблівую ў ёй патрэбу. Многім вядома, напрыклад, колькі часу, сілы і клопату ахвяраваў Іван Паўлавіч на тое, каб убачыла свет кніга апавяданняў нашага таленавітага празаіка Вячаслава Адамчыка. Можа быць, таму, што і сам за жыццё неаднойчы «пабываў у ваўка ў мялах», ён з асаблівай рашучасцю ішоў на дапамогу пакрыўджаным. Не буду пералічаць, каго яшчэ падтрымаў ён сваім заступніцтвам — таварышы скажуць пра гэта самі. Тут жа мушу прызнацца, што яго клапатлівую руку сяброўскай падтрымкі іменна ў выдавецкіх справах адчуў у свой час і я: сваім першым зборнікам вершаў у выдавецтве «Советский писатель» я абавязаны Мележу.

Гаворачы пра ўвагу і павагу Мележа да маладзейшых таварышаў, пра яго заўсёдную гатоўнасць дапамагчы ім, аказаць давер, я не магу абмінуць яго працу на пасадзе старшыні Камісіі па прыёму ў Саюз пісьменнікаў. Мне пашчасціла на працягу пяці гадоў працаваць з ім у гэтай камісіі ў якасці намесніка старшыні, і я меў магчымасць многа разоў — і на пасяджэннях і ў час падрыхтоўкі да іх — пераканацца, як сур'ёзна ставіўся ён да прыёму новага таварыша ў пісьменніцкую арганізацыю. Тут вельмі яскрава выяўляліся не толькі яго чалавечая дабрата і чуласць, густ і вопыт сталага майстра, але і сапраўдная гаспадарская заклапочанасць колькасным і якасным ростам арганізацыі, яе творчым і маральным аўтарытэтам,— я сказаў бы,— яго пачуццё партыйнай адказнасці і дзяржаўны падыход да справы. Зрэшты, гэта тыя рысы, якія ён выдатна сцвердзіў і на іншых адказных грамадскіх пасадах: як дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі, як старшыня Рэспубліканскага Камітэта Савета міру, як старшыня Праўлення беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя» і г. д.