Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 72

Ніл Гілевіч

Міхась Ціханавіч не чакаў у такі некурортны сезон — восенню — гасцей і быў вельмі ўзрадаваны нашаму прыходу. Шчыра, сардэчна вітаўся з кожным, не бавячыся, дастаў з шафы бутэльку дарагога каньяку і маленькую срэбраную чарачку.

— Гэта чарачка не абы-якая,— сказаў ён, звярнуўшыся да нас.— Я знайшоў яе на папялішчы Купалавай хаты летам сорак чацвёртага, як толькі вярнуліся ў спалены Мінск. Гэта чарачка Івана Дамінікавіча. Так што прашу, таварышы, прычасціцца, асяніўшыся светлым вобразам вялікага песняра...

Срэбраная Купалава чарачка прайшла раз і другі па кругу. Быкаў, які даўно не бачыў Міхася Ціханавіча, выказаў яму шчырую падзяку за ўдзел у абароне ад разгромна-знішчальнай крытыкі, што была прагучала па яго адрасу са старонак адной газеты. Абарона гэта была арганізавана сябрамі Быкава, яго літаратурнымі равеснікамі, але іх падтрымалі тады і амаль усе вядомыя старэйшыя пісьменнікі. Я помню, як мы з Вярцінскім і Бураўкіным заявіліся адвячоркам на кватэру Лыньковых і як Міхась Ціханавіч без лішніх роспытаў пагадзіўся з намі і падпісаў «дакумент». Цяпер у адказ Быкаву ён прыязна ўсміхнуўся, але паколькі любая пахвала яго заўсёды бянтэжыла, ён не ведаў, як рэагаваць па яе, таму прамовіў толькі некалькі слоў: «Ну, дык так жа крытыкаваць нельга... Так можна затравіць любога...». І перавёў гаворку на іншае. А мы яшчэ раз паспелі адчуць цеплыню і ласку яго добрага, мудрага сэрца.

Успамінаю гэты візіт пашаны і любові, і дужа горка мне ўсведамляць, што ўжо ніколі не ўбачу і не пачую таго, чыё праўдзівае, чарадзейнае слова і само імя так многа значылі для нас, яго ўдзячных вучняў, таго, чыя прысутнасць у роднай літаратуры не дазваляла драбнець і мізарнець ні душою, ні думкай, а прымушала з высокай годнасцю несці па жыцці званне чалавека і творцы.

1976

Яго запавет

У жніўні 1976 года я працаваў у доме творчасці Кактэбель у Крыме. Раніцай у пакой зайшла з тэлеграмай у руках паштальёнка і спытала маё прозвішча. Па голасу і па выразу твару я зразумеў, што навіну яна прынесла невясёлую. «Нядобрае нешта?» — спытаў я, адчуваючы, як халадзее ўнутры. «Вельмі нядобрае...» — адказала са спачуваннем жанчына і працягнула мне лісток. Пасярэдзіне бланка былі ўсяго тры словы: «Сёння памёр Мележ».