Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 74

Ніл Гілевіч

Хачу пагадаць радкі з яго дзённікавага запісу, зробленага праз дзень пасля смерці Міхася Ціханавіча Лынькова. Па словах Мележа, апошнія гады Лынькоў «жыў мудра», «стаяў над дробязлівасцю жыцця і добра вылучаўся сярод некаторых ссівелых пуставатых трапетуноў». Лынькоў вылучаўся сярод «трапетуноў ссівелых», а сам Мележ — сярод чарнагрывых і малайцаватых, але такіх жа мітуслівых і «пуставатых», як і тыя «ссівелыя». Вылучаўся іменна тым, што — не мітусіўся, не паддаваўся пачуццям і настроям, якія маглі б прынізіць яго як пісьменніка і грамадзяніна. Павінен засведчыць, што не паважаў Іван Паўлавіч гэтакіх «пуставатых» дзеячаў літаратуры. Колькі разоў у размовах, помню, ён адпускаў па іх адрасу кплівыя ацэнкі і характарыстыкі, часам іранічна, з разуменнем нікчэмнасці іх мітусні, усміхаючыся, а часам — часцей — гнеўна абураючыся: мітуслівасць, разумеў ён, рэч — далёка не бяскрыўдная для нашай агульнай справы.

* * *

Пры жыцці Івана Паўлавіча мне неаднойчы даводзілася чуць легенду пра нібыта занадта хваравітае ўспрыманне ім крытыкі, пра яго нібыта незвычайную крыўдлівасць у дачыненні да тых, хто выказваў аб яго творах крытычныя заўвагі. Як чалавек, які блізка ведаў Мележа на працягу добрых дваццаці гадоў, меў многа з ім сустрэч і гутарак, хацеў бы я выказаць сваю думку наконт гэтай рысы ў характары Івана Паўлавіча. Так, вядома, калі яму выказвалася тая ці іншая крытычная заўвага, Мележ не расцвітаў ад радасці, не вітаў пачутую крытыку воплескамі задавальнення. Але, па-першае, я ніколі не бачыў і не чуў, каб хто-небудзь іншы з сур'ёзных літаратараў рэагаваў па крытыку падобным чынам — радаваўся і пляскаў у ладкі. Усе мы аднолькава грэшныя, усе мы незвычайна любім, чакаем і проста дачакацца не можам, каб нам сказалі, што твор ці нешта ў творы не ўдалося. Іншая справа, што многія сваёй «радасці» і «задавальнення» не выяўляюць тут жа, адразу, а затойваюць у душы і носяць — за пазухай. Па-другое, Мележава рэагаванне на крытыку зусім не азначала яго нецярпімасці да апошняй, яго адмаўлення права іншых на крытычныя меркаванні.

Справа тут ізноў жа ў тым, што Мележ, як да сваёй працы, так і да працы любога таленавітага пісьменніка, ставіўся з павагай. Ён працаваў над сваімі творамі вельмі і вельмі сур'ёзна і таму меў усе маральныя падставы чакаць і патрабаваць, каб і да яго працы крытыкі ці чытачы ставіліся гэтак жа сур'ёзна, уважліва, з павагай. Яго крыўдзіла не крытыка, а няўважлівыя адносіны да твора, да яго працы; яго крыўдзіла і нават абурала занадта ж лёгкае абыходжанне з плёнам яго шчырага клопату, занадта павярхоўнае меркаванне аб тым, што ён выношваў у сэрцы з пакутамі і болем. Бо за гэтакім меркаваннем і абыходжаннем — і тут Мележ не памыляўся — звычайна стаяла абыякавасць і раўнадушнасць да літаратуры, адсутнасць сапраўднай цікавасці і зацікаўленасці, сапраўднай, калі хочаце, культуры. Чытача павярхоўнага, няўдумлівага, раўнадушнага Мележ не паважаў, бо не для такога чытача ён пісаў і не з такім хацеў весці размову. Ён любіў кантактавацца з чытачом шчырым і зацікаўленым, удумлівым і сур'ёзным, з чытачом — другам і добрым дарадчыкам. Калі ж несур'ёзнасць і непавага праяўляліся з боку калегі, таварыша па зброі, гэта засмучала і крыўдзіла яго тым больш.