Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 71

Ніл Гілевіч

— Ды яшчэ і шуму было,— успамінаў Міхась Ціханавіч.— Не паспеў выйсці ў свет том, а ўжо адзін адказны тааварыш, па прозвішчу Ладыжын, выступіў у друку з разгромным артыкулам за мову перакладу. «Што гэта за «памылка»? Гэта што — «памыйніца»? — здзекаваўся ён. «Што гэта за «скарбы»? Ніякай «скорби» ў Маркса няма!» і г. д. Тады я даў у газеце «Літаратура і мастацтва» адказ, у якім высмеяў яго невуцтва і непісьменнасць. Ладыжын кінуўся да Першага сакратара ЦК КПБ П. К. Панамарэнка — «Панцеляймон Кандратавіч, вы чыталі? Лынькоў абнаглеў — далей няма куды: публічна збівае кіраўнічыя партыйныя кадры! Трэба неадкладна зрабіць вывады!..» А Панамарэнка і кажа: «Чытаў. Так, трэба зрабіць вывады — трэба вас неадкладна зняць з работы. Вы, аказваецца, не на сваім месцы». Пазней гэты мой крытык узначальваў выдавецтва «Народная асвета». Думаю, што ён і там быў не на сваім месцы...

— З Панамарэнкам у вас былі дружалюбпыя адносіны? Ён па важаў вас, цаніў? — спытаў я аднойчы.

— Крыўдаваць не магу,— адказаў Міхась Ціханавіч.— Шмат добрага ён зрабіў і для мяне, яшчэ больш для Кузьмы Чорнага, ды і для ўсёй беларускай літаратуры. Гадоў колькі назад ён быў тут у мяне, на Нарачы. Заехаў пабачыцца. Спаткаліся, пагаварылі, сёе-тое ўспомнілі... Калі ён летам 1938-га прыехаў у Мінск і стаў Першым сакратаром ЦК КПБ — мне ён давяраў цалкам. Звоніць аднойчы і кажа: «Зайдзіце, пагутарым. І вазьміце з сабой двух сваіх верных сяброў. Каго вы думаеце ўзяць?» Я называю два імені — на маю думку, самыя верныя мне. Наконт аднаго Панамарэнка кажа, што згодзен, а наконт другога пытае: «І гэта ваш верны сябра?» Кажу: разам працуем, у адной арганізацыі, дружна вырашаем справы і г. д. А ён мне: «Я прашу вас узяць верных сяброў, а не людзей з адной арганізацыі». І пачынае злавацца, што я няшчыры з ім. Я зноў яму пра сумесную працу, пра агульныя справы, а ён — чую — злуецца яшчэ больш. Ну, ясна. Расшалопіў я нарэшце, што ён лепш ведае, якія ў мяне сябры. Прыйшлося аднаго «вернага» замяніць: пайшоў да Панамарэнкі з Глебкам і Крапівой. Пры іх ён і сказаў, як моцна Цэнтральны Камітэт верыць мне, і нават вылаяўся па адрасу тых, хто кляпаў і брахаў на маю міласць...

У верасні 1971 года паехалі мы ў Мядзел на сустрэчу са школьнікамі: Васіль Быкаў, Мікола Аўрамчык і я. Пасля выступлення рашылі падскочыць у Купу — праведаць Міхася Ціханавіча: зналі, што ён яшчэ там (з Нарачы ў Мінск Лынькоў звычайна перабіраўся ўжо ў кастрычніку). Чацвёртым з намі сабраўся ехаць дырэктар школы Кастусь Каратай, мой былы аднакурснік па філфаку. А быў на сустрэчы і яшчэ адзін слаўны хлопец — Мікола Пашкевіч, выпускнік беларускага аддзялення БДУ, настаўнік Сваткаўскай школы на Мядзельшчыне. Чалавек, бясконца закаханы ў паэзію, у літаратуру. Паэтаў і пісьменнікаў ён проста абагаўляў. Са Сватак у Мядзел ён прыязджаў спецыяльна на сустрэчу з намі. З фотаапаратам і блакноцікам, куды запісваў кожнае слова гасцей. Даведаўшыся, што мы маем намер заглянуць да Лынькова, ён ажно застагнаў: так яму захацелася пабыць разам з намі ў славутага пісьменніка. Але машына ў нас была невялікая — толькі на чатырох пасажыраў, ды і то ззаду траім было цеснавата. Правёў нас Мікола Пашкевіч да машыны, засмучаны, пачаў ужо быў паціскаць рукі на развітанне, але Быкаў сказаў: «Ну, Мікола, у выпадку чаго — з міліцыяй будзеш гаварыць сам...» Божа, да чаго ж несправядлівы бывае да людзей лёс! Праз некалькі месяцаў гэтага апантанага ў любові да роднага слова настаўніка не стала: ён памёр у трыццацігадовым узросце ад страшнай хваробы веку.