Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 73

Ніл Гілевіч

* * *

З той жнівеньскай раніцы прайшло больш трох гадоў, шмат падзей адбылося за гэты час у жыцці і ў літаратуры, а пачуццё болю і крыўды, ад якога сцялася тады сэрца, не праходзіць і пад напластаваннямі новых перажыванняў, новых засмучэнняў — не заціхае. Мацней пакрыўдзіць, балючэй ударыць, страшней абрабаваць беларускую літаратуру, чым гэта зрабіла з ёю смерць Мележа,— нельга. Тое, што было ясна і тады, адразу (каго мы страцілі!) — з гадамі робіцца яшчэ больш ясным, бо ўсё выразней усведамляюцца маштабы і значэнне яго таленту, яго месца ў нашай літаратуры, яго ролі ў духоўным і культурным жыцці нацыі.

І справа тут не толькі ў незвычайнай, магутнай сіле мастацкага таленту Мележа. Справа яшчэ — у яго жыццёвай і творчай пазіцыі, у яго чалавечым характары і грамадзянскім сумленні. Дакладней — у спалучэнні першага і другога: у шчаслівым паяднанні Мастака і Чалавека-Грамадзяніна з вялікай літары.

Успамінаю яго думкі, у якіх ён быў глыбока перакананы: поспехі ўсёй сучаснай беларускай літаратуры былі б значна большыя, калі б мы ўсе глыбей усведамлялі сваю адказнасць за справу, якой сябе прысвяцілі; калі б працавалі ў літаратуры з большай мужнасцю, сумленнасцю і самаадданасцю; калі б мы ўсе да канца разумелі, што ў мастацкай творчасці хітрыць і дыпламатнічаць, паступацца сваімі перакананнямі і таргавацца з уласным сумленнем — справа апошняя і безнадзейная: такая лінія — варта жалю і пагарды, бо яна вядзе да разбэшчання і дэградацыі таленту, да здрабнення і спусташэння творчай асобы. Усведамленне гэтых ісцін павінна быць глыбокім унутраным перакананнем пісьменніка, яго жыццёвым прынцыпам на кожны дзень.

У Мележа было незвычайна высокае пачуццё адказнасці за сваю пісьменніцкую прафесію. Разуменне творчай дзейнасці як найвышэйшага грамадзянскага абавязку (без важнічання і чыноўнай пыхі пры гэтым), выключная чалавечая і пісьменніцкая сур'ёзнасць, добрасумленнасць і прынцыповасць, сапраўды рыцарскія — іначай не скажаш — адносіны да літаратуры,— вось што ў першую чаргу характарызуе, па мой погляд, Мележа-мастака, Мележа-творцу, Мележа-камуніста. Калі б мне прапанавалі сцісла вызначыць яго запавет нам, што жылі і працавалі з ім разам, і тым, што ідуць у нашу літаратуру сёння і прыйдуць у яе заўтра,— я вызначыў бы яго так: «Галоўнае — не мітусіцеся. Літаратура не для мітуслівых. Працуйце сур'ёзна, сумленна, самаахвярна. Думайце не пра сябе і свае ўласныя выгады, а пра духоўную культуру свайго народа, пра яе ўзвышэнне і славу, пра яе лёс. Думайце, як лепш сказаць людзям праўду жыцця і часу, каб гэтым дапамагчы ім падняцца ў сваім чалавечым станаўленні хоць па трохі вышэй».

Так працаваў у літаратуры ён — сур'ёзна, добрасумленна, самаахвярна. Так думаў аб жыцці і літаратуры ён — маштабна, глыбока, мудра, з дзяржаўным размахам, з сапраўдным грамадзянскім неспакоем і заклапочанасцю.