Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 70

Ніл Гілевіч

— На многіх зрабіла ўражанне, Міхась Ціханавіч, што вы ў нядаўнім артыкуле не толькі пахвалілі, але і трохі паўшчувалі прызнанага і папулярнага аўтара. Як гэта вы адважыліся?..

Міхась Ціханавіч, у хатняй «амуніцыі», сядзеў па ложку ў сваёй «галубятні» — як ён называў невялікі пакой у паддашшы, з зашклёнымі дзвярыма на балкон і відам на возера. Ён хітравата ўсміхнуўся і на маё пытанне адказаў:

— Ну, калі і я не скажу яму гэтага, дык хто яму скажа?..— Усмешка знікла, і ён працягваў ужо зусім сур'ёзна, нават з непрыхаваным незадавальненнем і дакорам,— Так жа нельга!.. Што ж ён сабе думае? Куды ён спяшаецца? Даў бог талент, дык трэба яго шанаваць, а не раскідвацца ім, не хапацца за пятаедзесятае... Цяп-ляп — у літаратуры так не гадзіцца.

А яшчэ не любіў Міхась Ціханавіч людзей хамаватых, нахрапістых, бесцырымонных. Ненавідзеў фанабэрыстасць і пыху запанелых. Урэзаўся мне ў памяць адзін яго расказ з эпохі БелАНН — Беларускай Асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (самы пачатак трыццатых гадоў).

— Быў я тады старшынёй гэтай літаратурнай арганізацыі. І прыехаў у Мінск на гастролі адзін так званы «камсамольскі паэт» — досыць вядомы, нашумелы па тым часе. Заходзіць да мяне ў кабінет якісьці малады чалавек і заяўляе: «Я — па даручэнню паэта Ікс. Ён сказаў, каб вы арганізавалі беларускіх камсамольскіх паэтаў выступаць разам з ім — у падмогу».— «Гэта што — загад?» — спрабую ўсміхнуцца.— «Не, але гэта трэба зрабіць».— «А дзе ж ён сам?» — пытаю я ў гэтага імпрэсарыё. «Ён з дарогі адпачывае».— «Звярніцеся, кажу, у наша камсамольскае бюро, яно вам дапаможа. Раз паэт камсамольскі, то і гаварыце, калі ласка, з камсамолам». Праз гадзіну — званок з ЦК ЛКСМБ: госць ужо паскардзіўся, што беларускія пісьменнікі яго ігнаруюць. «Таварыш Лынькоў, як жа гэта: прыехаў наш, камсамольскі, паэт, а вы яго так сустракаеце? Гэта ж наш паэт!» — «А мы, пытаю, чые — цётчыны? Ён — наш, а мы — не нашы, цётчыны? Дык вось што я вам скажу: я не бачыў у вочы гэтага паэта. Зайшоў якісьці чалавек — бог ведае хто! — і гаворыць ад імя бог ведае каго! Гэтак жа не робіцца...» Тым часам прыязджалі маскоўскія хлопцы, пісьменнікі, я ім і расказаў, як нас трасе і калоціць пасля візіту «камсамольскага паэта», што ён тут заварыў. Там, у Маскве, на партбюро, успомнілі, што гэты з маладых, ды ранні таварыш ужо і ў Сібіры трымаўся па-барску, фанабэрыста, абразліва для мясцовых таварышаў... Сплюсавалі яму Сібір і Беларусь і далі вымову — за пыху, за апанеласць...

Ненавідзячы фанабэрыстасць, надзіманасць, панскасць, Міхась Ціханавіч быў, аднак, у высокай ступені надзелены пачуццём уласнай чалавечай годнасці. Падхалімства, падлізніцтва былі для яго проста агідныя.

Ніколі не забуду, як ён — стары, белагаловы, зняможаны хваробай, аднойчы вымавіў «падхалімнічаць ні к чаму»: з якой унутранай агідай да ўгоднікаў і прыліпалаў!

Многа разоў пасля вечаровых гутарак над Нараччу я думаў аб тым, што з-за гэтых рыс свайго характару Міхасю Ціханавічу даводзілася трапляць у сітуацыі цяжкія, пакутлівыя для душы. Справа ў тым, што ён, пры сваёй незвычайнай сціпласці і добрасумленнасці, быў у той жа час чалавекам і камуністам выключнай партыйнай дысцыплінаванасці. Так, з пачуцця абавязку, ён згадзіўся перакладаць на беларускую мову «Капітал» Маркса. (Першы том ён, тагачасны старшыня Саюза пісьменнікаў, пераклаў у сааўтарстве з будучым міністрам асветы БССР П. В. Саевічам.) Уяўляю, колькі ўзяў у яго часу навуковы пераклад гэтай вялікай «бібліі палітэканоміі»!