Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 69

Ніл Гілевіч

Я слухаў Міхася Ціханавіча і думаў: вось вам і Янка Журба — сціплы працаўнік асветы і сціплага таленту паэт. А калі б не ён, не яго прыезд у Свержанскую школу — як бы павярнуўся лёс вясковага настаўніка Лынькова? Напэўна, ён стаў бы выдатным беларускім пісьменнікам усё роўна, і без той размовы з Журбою. І ўсё-такі, і ўсё-такі... Як многа можа значыць для маладога чалавека адна нечаканая сустрэча, адна размова — няхай сабе і не бог ведае з якім мудрацом ці «свяцілам»!..

З многіх успамінаў Міхася Ціханавіча, ягоных згадак пра, можа быць, не такія і значныя, нават дробныя эпізоды свайго жыцця, перада мной паўставаў вобраз Чалавека, Пісьменніка і Камуніста. Здзіўленне і глыбокую павагу выклікала яго чалавечая сціпласць і сумленнасць. Але раней, чым з успамінаў, гэтыя рысы яго характару адкрыліся для мяне з аднаго эпізоду, што адбыўся на маіх вачах. Гэта было ў пачатку шасцідзесятых гадоў. У Саюзе пісьменнікаў ішло абмеркаванне перспектыўнага плана выданняў беларускай літаратуры. Сам тагачасны старшыня Камітэта па друку Р. В. Канавалаў паведаміў прысутным, што ў бліжэйшы час запланавана выдаць шматтомныя зборы твораў народных паэтаў і пісьменнікаў Крапівы, Лынькова, Танка, Куляшова, Броўкі. Усе прынялі гэта паведамленне станоўча, з прыхільнасцю: маўляў, канешне, пара ажыццявіць такія выданні. Запярэчыў толькі адзін з прысутных: Міхась Лынькоў. Ён падняўся і папрасіў ягоны збор твораў не ўключаць на бліжэйшыя гады. «Можа, пасля калі-небудзь, пазней...» Насуперак довадам і ўгаворам здзіўленых таварышаў, Міхась Ціханавіч катэгарычна настойваў на сваім і «перамог». Гэта быў, вядома, урок сціпласці для маладзейшых, але, здаецца, «дзівацтва» старога майстра сёй-той зразумеў і скарыстаў па-свойму.

Трэба сказаць, што не падабаліся, вельмі не падабаліся Міхасю Ціханавічу паводзіны некаторых літаратараў, іх празмерныя прэтэнзіі па ўвагу і на месца ў сучасным літаратурным працэсе, іх здольнасць прабіваць і закідваць свет сваімі пухлымі тамамі. Не падабаліся, бо ў гэтым ён бачыў несур'ёзныя, безадказныя адносіны да працы, бачыў разбурэнне творчай асобы, разбэшчванне таленту...