Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 68

Ніл Гілевіч

Дзе ў нас адбываліся гэтыя сур'ёзныя, узаемнадаверлівыя гутаркі? Часткова — каля агню таксама, толькі — каля агню асаблівага: у лазеньцы. Так, каля печы ў лазеньцы — пакуль весела патрэсквалі дровы і цягам некалькіх гадзін грэлася ў чыгунным чане вада. Лазенька гэта — тыпу зямлянкі — была зроблена на мяжы дзвюх сядзіб — Лыньковай і Куляшовай — і належала абодвум гаспадарам, але мне не даводзілася бачыць, каб Аркадзь Аляксандравіч «качагарыў» калі-небудзь у ёй. Затое Міхась Ціханавіч рабіў гэта з асаблівым задавальненнем. Цалкам народны характар, ён любіў і выпаліць лазеньку, і папарыцца ў ёй. У першыя гады, прызнацца, Міхась Ціханавіч запрашаў мяне (праз пасыльнага) ужо па ўсё гатовае — адно забірайся на палок ды хвашчыся. Пазней я пачаў памагаць яму «качагарыць» — тым больш што ў гэтым была патрэба: хвароба яго прагрэсіравала, дыхаў ён усё цяжэй, у грудзях — моцна хрыпела і сіпела, часам заходзіўся, задыхаўся ад кашлю.

— Так, уюнаша, усё дагарэла, вада гатова, будзем канчаць гэту музыку... Я эвакуіруюся наверх, а ты, пане, выграбі і вынесі жар, вымеці попел акуратненька, бо гэта дзела ўжо не па мне — магу ўдыхнуць пылу гарачага... Ды і пачнём у добры час...

Звычайна Міхась Ціханавіч прапаноўваў мне прыходзіць пазней — ужо к заключнаму этапу «качагарання», але я стараўся заявіцца ў самым пачатку, бо самае цікавае і было якраз пасядзець побач на нізенькім зэдлічку перад зыркай квадратнай зяпай мураванай печкі і паслухаць няспешны, спакойны расказ-успамін аб мінулым. Напрыклад, аб тым, як малады настаўнік Лынькоў зрабіўся журналістам, а пасля — пісьменнікам.

— Калі і як вы, Міхась Ціханавіч, упершыню сутыкнуліся з літаратурай на роднай мове? Вы ж у Рагачоўскай семінарыі беларускіх кніг не чыталі? Ці здаралася чытаць што-небудзь?

— Якое там!.. Не толькі не чытаў, а наогул нічога аб ёй не чуў і не ведаў, што ёсць такая... Ды і з мовай не так проста было. Я нарадзіўся і пачаў жыццё на Лёзненшчыне, на самай мяжы з Расіяй. А яшчэ бацька — чыгуначнік, на службе стараўся, вядома, карыстацца мовай дзяржаўнай, хоць і ў беларускім фанетычным афармленні. Калі пераехалі на Гомельшчыну, я многіх слоў проста не разумеў... У Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі — яна была ўтворана ў 1911 годзе — нічога з беларускай літаратуры не траплялася. Гэта не Слуцкая і не Нясвіжская, дзе беларушчына чулася хоць трохі. У нашай ніводнай кнігі на беларускай мове я і ў вочы не бачыў. Пасля арміі, у 1922 годзе, стаў настаўнікам на Рагачоўшчыне, выкладаў літаратуру і гісторыю. Неўзабаве пачаў папісваць вершы — на рускай мове, канешне, пасылаць у бабруйскую акруговую газету допісы — таксама на рускай. Але ў 1924 годзе прыехаў у нашу школу з Бабруйска інспектар Аддзела народнай асветы Янка Журба. Як зараз бачу: у пенснэ, у чорным шынялі з ініцыяламі на пятліцах — відаць, яшчэ дарэвалюцыйны чыноўніцкі... Я не чуў раней і пра яго, не ведаў, што ёсць такі літаратар. Але мне сказалі: «Гэта ж вядомы беларускі паэт!» Быў ён у мяне на ўроку, урок пахваліў, а пасля мы доўга з ім гутарылі. Тады я і адчуў, што ёсць беларуская літаратура, і наогул зразумеў сёе-тое, немалаважнае для свайго далейшага лёсу... Праз нейкі час мяне як прафсаюзнага актывіста і кандыдата ў члены партыі рэкамендавалі на працу ў акружны камітэт прафсаюза «шкрабаў» — школьных работнікаў. Але рэдактар бабруйскай газеты, маленькі, рухавы Саламон Праўда перахапіў мяне і назначыў сакратаром рэдакцыі. Так я зрабіўся газетчыкам. Ну, тут ужо прыйшлося паварушыцца наконт роднай мовы, проста такі давялося падзаняцца. Выйсця не было — газета ж беларуская...