Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 67

Ніл Гілевіч

Як любіў Міхась Ціханавіч дзяцей, як тонка разумеў душу маленькага чалавека — гэта ведаюць усе, хто чытаў яго цудоўныя аповесці і апавяданні «Міколка-паравоз», «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышоў», «Янка-парашутыст» і інш. Без вялікай любві і павагі да дзіцяці, без дасканалага ведання дзіцячай псіхалогіі такія рэчы напісаць немагчыма. І вядома ж, колішні настаўнік (а быў Міхась Ціханавіч настаўнік прыродны) у гутарках з дзятвою заўсёды заставаўся педагогам.

Аднойчы мне давялося ўдзельнічаць у яго сустрэчы з атрадам піянераў-турыстаў (такія атрады — з надзеяй пабачыць і пачуць жывога славутага пісьменніка — спыняліся на беразе Нарачы часта). Заходзіць да нас Соф'я Захараўна і кажа мне:

— Міхал Ціханавіч просіць вас падысці на падмогу — там яго атакавалі школьнікі...

Я, вядома, разумеў, што нічыя падмога ў такой справе Міхасю Ціханавічу не патрэбна, але запрашэнне прыняў з ахвотай і пайшоў. Мне было цікава самому паглядзець на сустрэчу.

Непадалёк ад дарогі, у цяньку пад соснамі, сцішана сядзеў атрад і слухаў «жывога славутага пісьменніка». Міхась Ціханавіч гутарыў з піянерамі сур'ёзна, як з дарослымі, нават вельмі сур'ёзна — ніякага «забаўлення» і ў паміне не было.

— Вы сюды, да берага, праз лес ішлі, дарожкай? Бачылі, што зрабілася з гэтым калісьці цудоўным борам, на што ён стаў падобны? Амаль не пад кожным дрэвам сметнік: газеты, бляшанкі, бутэлькі... Л колькі чарнеецца папялішчаў, колькі пассяканых, пакалечаных сасонак, дзе спыняліся на начлег турысты... Дзікунства ўсё гэта, варварства. З прыродай так абыходзіцца нельга. Якое ж наша жыццё будзе без гэтага багацця і красы...

Я ведаў, як хвалюе Міхася Ціханавіча праблема аховы прыроды — на гэту тэму мы гутарылі з ім неаднойчы. Пра дзікунства, якое чынілі ў нарачанскім лесе «молодые хозяева земли» (а турысты — пераважна моладзь), ён гаварыў заўсёды з вялікім абурэннем. Вельмі засмучала яго, што ў школах кепска пастаўлена справа выхавання ў дзяцей беражлівых адносін да прыроды, выхавання пачуцця любасці і замілавання яе чароўным хараством.

— Яны ж — будучыя гаспадары зямлі, краю, усіх яго прыродных багаццяў. Кепска будуць гаспадарыць, калі цяпер, у дзіцячым узросце, не зразумеюць гэтага...

Каля вогнішча — спачатку на самым беразе возера, а ў апошнія гады на падворку — я бываў рэдка: там гаворка вялася з усімі прысутнымі і звычайна пра падзеі «мясцовага значэння», бытавыя. Куды больш падабалася мне пабыць з Міхасём Ціханавічам сам-насам і пагутарыць пра рэчы сур'ёзныя або паслухаць яго ўспаміны. А ўспамінаць яму было што — ого, колькі хавала яго моцная, жывая памяць! Шмат я даведаўся ад яго такога, чаго ні ў кнігах, ні ў архівах не вычытаць. Тут і літаратурна-грамадскае жыццё 20-х і 30-х гадоў, ваеннай і пасляваеннай пары, і эпізоды з дзейнасці вядомых дзяржаўных і партыйных людзей, з якімі яму як старшыні Саюза пісьменнікаў даводзілася сустракацца, і штрыхі і дэталі да партрэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і многіх іншых беларускіх, а таксама рускіх паэтаў і пісьменнікаў. На вялікі жаль, не ўсё з яго расказаў і ўспамінаў я здагадаўся ўслед запісаць, хаця і запісаў нямала.