Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 66

Ніл Гілевіч

— Прыходзьце да нас у госці, Міхал Ціханавіч будзе рад. На маторцы накатае вас па возеры...

Пра маторку, ці больш дакладна — пра Міхася Ціханавіча як гаспадара маторкі, можна было б пісаць асобную навелу. Без маторкі, як і без вечаровага вогнішча, яго жыццё на Нарачы немагчыма ўявіць. Маторка была яго вялікай уцехай і гордасцю, а адзнакай яго найвышэйшай павагі да сваіх гасцей была прапанова «пракаціцца па Нарачы». Гэты гонар я зведаў неаднойчы і мушу сказаць, што кожная такая прагулка была для мяне сапраўдным святам. Радасны, узнёслы настрой ахопліваў не толькі ад неабсяжнай шырыні прастору, ад чароўнага хараства краявідаў, ад лёгкага, імклівага лёту маторкі па цёмна-зялёнай гладзі возера, ад прыемна казытлівага нарачанскага ветрыку. Радасна было яшчэ бачыць каля стырна самога старога «капітана» — з абветраным і загарэлым, парэзаным глыбокімі маршчынамі, тварам, з цыгаркай у зубах, у шэрай берэтцы, у непрамакальнай рыбацкай куртцы і гумовых ботах,— бачыць, як свецяцца няхітрым чалавечым шчасцем яго вочы, і ведаць, што ў гэтую хвіліну ён — ужо не ён, не пісьменнік-акадэмік Міхась Лынькоў, а яго несмяротны герой, стары машыніст Андрэй Лятун — адзін з самых прывабных вобразаў простага рабочага чалавека ў беларускай літаратуры.

— І ляцім жа, браткі! Э-эх, ляцім!.. Даганяй — не дагоніш...

Каго толькі не катаў Міхась Ціханавіч на сваёй маторцы! Помню, у якім захапленні быў ягоны госць з Балгарыі, паэт Ангел Тодараў, якога я прывозіў на Нарач летам 1965 года. Пад уражаннем цудоўнай «марской» прагулкі Тодараў напісаў тады аб Нарачы прыгожы верш:

«Амаль Неапаль» — чую голас нечы. Але замест: «Зірні і памірай» — тут кажуць: «Глянь, каб жыў на свеце вечна, каб не спяшаўся ані ў які рай...»

А вечарамі каля вогнішча Міхась Ціханавіч быў ужо іншы — добры, гасцінны дзед-агнявік, які раз-пораз папраўляў доўгім кіем карчы і галавешкі ў вогнішчы і не таіў свайго якогасьці язычніцкага захаплення гэтай векавечнай стыхіяй прыроды. Смалістыя пні для вогнішча Міхась Ціханавіч карчаваў у лесе сам і прывозіў на калясцы-двухколцы сам — на дрывотні іх заўсёды меўся ладны запас. Каля вогнішча збіраліся суседзі, перш-наперш дзеці, прысутнасць якіх вельмі цешыла гаспадара, адчувалася, што яму добра сярод іх звонкагалосай мітусні. Зрэд часу ён звяртаўся да каго-небудзь з малых з хітраватым пытаннем, пасля чаго — ужо для ўсёй грамады — выдаваўся жартоўны, але далікатны расказ пра нейкі нялётны ўчынак прысутнага «героя дня». Ушчуваў дзед Міша так, што крыўдаваць не прыходзілася.