Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 65

Ніл Гілевіч

Плакала Насця, не ведала, як ліст пасылаць, калі ён не дапісаны — не дачакаўся Ванька канца дыктоўкі. Плакала Насця, і каціліся слёзы на сіратлівы мяшок салдацкі. Ванькаў мяшок — яго пасылала Насця ў разанскую вёску нечаканым падарункам Ванькавай жонцы...

Васька не пісаў нікому, толькі ўсміхаўся шчаслівай усмешкай сваім таварышам, ды збялелыя вусны шапталі апошнія, незразумелыя для некаторых словы:

— Эх, позна, позна, і так рана, рана...»

Гэта чыталася і перачытвалася зноў і зноў, і помню — баяўся я, каб у такі момант ніхто з хатніх не аклікнуў і не заўважыў, што ў мяне на вачах слёзы: на дзіцячы розум здавалася, што гэта можа выклікаць у старэйшых смех і кепікі...

А недзе ў самым пачатку сорак пятага, першай — пасля трох гадоў акупацыі — супакойвай зімой, я прынёс з вясковай хаты-чытальні новы зборнік ужо знаёмага і любага мне аўтара «Астап» — невялічкі, кішэннага фармату, томік, у мяккай вокладцы, на шэрай грубаватай паперы. Было холадна і голадна, і я чытаў гэты томік на печы, пры малюпасенькай, зробленай з пэтээраўскага патрона, газнічцы. Кніг тады амаль не было, і я трымаў «Астапа» дома тыдні два, вяртаючыся па мпога разоў да кожнага апавядання. У тыя далёкія дні мне і ў сне не магло прысніцца, што прыйдзе час — і я буду з гэтым чараўніком-апавядальнікам падоўгу сядзець побач, у адным пакойчыку, і слухаць яго такія ж цікавыя былі з ягоных жа вуснаў, і буду пазнаваць яго непаўторныя, знаёмыя па кнігах, інтанацыі, і такія характэрныя выразы і слоўцы, і такі своеасаблівы, па-народнаму дасціпны, дабрадушны гумар...

Міхася Ціханавіча ўбачыў я ўпершыню летам сорак дзевятага, на ІІ з'ездзе пісьменнікаў Беларусі. Асабіста пазнаёміліся ў 1954-м, калі на прэзідыуме праўлення мяне прымалі ў члены Саюза пісьменнікаў. Першая ж размова з ім, справа, якая паклала пачатак нашаму збліжэнню, адбывалася на тры гады пазней.

Восенню 1957-га, даведаўшыся, што ў Міхася Ціханавіча ёсць «Бюлетэнь Першага з'езду “Маладняка” я звярнуўся да яго з просьбай дазволіць мне пазнаёміцца з гэтым цікавым дакументам (тады я быў аспірантам і пісаў дысертацыю аб маладой беларускай паэзіі 20-х гадоў). Было гэта пасля нейкага сходу ў Саюзе пісьменнікаў. Міхась Ціханавіч адразу даў згоду і запрасіў мяне прайсціся з ім да яго па кватэру. Па дарозе ён з уласцівай яму іроніяй успамінаў гады «маладнякоўства»: «Шумелі, шумелі здорава... Чаго-чаго, а шуму было многа. Брація была неўгамонная...» На кватэры ён правёў мяне ў свой рабочы кабінет, але не спяшаўся выканаць просьбу, каб тым самым вызваліць мяне ад няёмкасці, што займаю час у такога пісьменніка. Заўважыўшы мае нераўнадушныя позіркі на забітыя кнігамі паліцы, гаспадар паказаў мне некаторыя рэдкія выданні, а затым, на маё радаснае здзіўленне, прапанаваў мне ў якасці падарунка некалькі тамоў дакументальных матэрыялаў па гісторыі Беларусі.

— Вазьмі, уюнаша, можа, што-небудзь знойдзеш цікавае. Табе яшчэ дзярзаць, а мне яны ўжо наўрад ці спатрэбяцца...

Летам 1960 года я ўпершыню прыехаў з сям'ёй на Нарач адпачываць і пасяліўся на ўскраіне Купы, у хаце пуцявога абходчыка Дубінскага (тады да Нарачы хадзіў па аднакалейцы цягнік з двума вагончыкамі — пазней нечы розум дадумаўся гэты пуць разабраць: сын чыгуначніка Лынькоў дзесяткі разоў успамінаў гэту «разумную» акцыю з гневам і абурэннем). Хата, у якой я заарандаваў веранду, стаіць яшчэ і цяпер — амаль на самым беразе возера і зусім побач з дачамі пісьменнікаў — Танка, Лынькова, Куляшова. Нарач і яе ваколіцы мне вельмі спадабаліся, і з той пары я прыязджаў туды кожны год, да таго ж самага гаспадара, і здымаў пакой на ўсё лета. Праўда, падоўгу я там не бываў, але колькі разоў прыязджаў — амаль заўсёды заходзіў праведаць Міхася Ціханавіча. Напачатку не адважваўся, але пасля — рашыўся, асабліва — калі жонка пісьменніка, Соф'я Захараўна, аднойчы сказала: