Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 59

Ніл Гілевіч

Знаходзячыся яшчэ пад свежым уражаннем ад доўгага кантактавання з творчасцю паэта, як кажуць — яшчэ не астыўшы ад работы, мне хацелася б падзяліцца некаторымі думкамі аб паэзіі Вапцарава як прадмеце мастацкага пераклала, якія ўзніклі ў працэсе працы над яго кнігай.

Можна сказаць, што задача, якая ўстае перад перакладчыкам Вапцарава, у агульным сэнсе не новая — такая ж, як і заўсёды, калі заходзіць размова аб узнаўленні на іншай мове творчасці вялікага нацыянальнага паэта. Яна заключаецца ў тым, каб Вапцараў і ў перакладзе быў такім, якім яго ведаюць па радзіме, у Балгарыі, гэта значыць, каб ён захаваў сваё непаўторнае паэтычнае аблічча, паўстаў на старонках кнігі ва ўсёй сваёй чалавечай прывабнасці і прыгажосці. Каб іншамоўны чытач убачыў і пераканаўся, што перад ім сапраўды вялікай грамадзянскай мужнасці паэт-рэвалюцыянер, перакананы камуніст-інтэрнацыяналіст, палымяны патрыёт Балгарыі, выдатны мастак-наватар, чыё значэнне выходзіць далёка і за межы часу, у якім ён жыў, і за межы мовы, у якой тварыў ён. Каб іншамоўны чытач да дна душы адчуў і зразумеў усю глыбінную сутнасць яго паэтычнага характару — так адчуў і зразумеў, каб на імгненне анямеў перад веліччу яго духу, яго слова і яго лёсу, і сказаў услед за ім на сваёй роднай мове:

Але памерці ў час, калі страсае зямля атрутную гнілую плесню, калі жыццё мільёны ўваскрасае,— вось гэта песня, брат, вось гэта песня!

Для выканання гэтай увогуле зразумелай задачы ад паэта-перакладчыка патрабуецца вельмі і вельмі многа. Патрабуецца вышэйшая ступень творчага пераўвасаблення. Патрабуецца вялікая ўнутраная падрыхтоўка: Вапцарава нельга перакладаць «з ходу», «у пажарным парадку» і «паміж справамі». Можа, для якога-небудзь іншага выпадку — пры перакладзе паэта іншага маштабу, іншага накірунку і характару — такі спосаб работы і не заканчваецца катастрафічна. Але ў дачыненні да Вапцарава — падобны падыход да справы зусім не прыгодны.

Але што значыць творча пераўвасобіцца, ды яшчэ ў вышэйшай ступені дакладна? Мабыць, гэта значыць, што паэту-перакладчыку трэба вельмі глыбока і моцна перажыць, пераадчуваць, перадумаць усё тое, што калісьці перажыў і пра што думаў балгарскі паэт. Інакш кажучы, трэба паставіць сябе на месца лірычнага героя Вапцарава і выказацца ад яго імя ягонымі ж вобразамі, ягоным голасам, і галоўнае — з ягонай сілай пераканання. Само сабой зразумела — такое пераўвасабленне магчыма толькі пры ўмове, што паэту-перакладчыку блізкія выразная партыйная пазіцыя і вялікі грамадзянскі тэмперамент балгарскага паэта, яго ідэйна-маральная чысціня. Гэта — па-першае. Па-другое, такое пераўвасабленне адбываецца з непазбежнай папраўкай па наша сённяшняе разуменне творчасці Вапцарава, з улікам ідэйна-эстэтычных патрабаванняў сённяшняга часу.