Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 58

Ніл Гілевіч

Сур'ёзны і ўдумлівы мастак слова, Вапцараў у барацьбе за фарміраванне новай паэтыкі абапіраўся і на дасягненні вялікіх паэтаў мінулага, і перш за ўсё, само сабой зразумела, на «плячо» такіх духоўных волатаў нацыі, як Боцеў, Вазаў, Явараў, Смірненскі. Высокаму майстэрству паэтычнага слова вучыўся ён і ў несмяротнай народнай песні — і ў гэтым таксама трэба бачыць спеласць яго розуму і мудрасць сэрца. У вершы «Даклад» чытаем:

Вецер спявае ў зялёных лісцях — слухай і толькі запісвай. Запісвай сумленна і проста, як звеку проста пяюць у народзе: «Заплакала дуброванька дый па Інджу-ваяводзе...»

Многае гавораць нам і заключныя радкі верша пра Пушкіна, у якога, прызнаецца паэт, ён вучыцца «пісаць свой кожны пратэст гэтак жа шчыра і гэтак жа гучна».

Вапцараў быў паэт-грамадзянін у самым сапраўдным значэнні гэтага словаспалучэння. Такім ён застаўся, не здрадзіўшы сабе, нават перад тварам смерці. Вядомы апошнія словы Смірнепскага: «Дайце мне «Рабочую газету»! «Рабочую газету» хачу!» А вось апошняе пытанне Вапцарава: «Якое савецкае камюніке і становішча на Крымскім паўвостраве?» Ён спытаў гэта ў жонкі незадоўга да расстрэлу. Хіба людзі такой мужнасці — такія волаты духу, такія рыцары ідэі — адыходзяць з жыцця без следу?

Нацыянальны герой Балгарыі Нікола Вапцараў быў забіты ў трыццаць тры гады ад роду — сапраўды ў самым росквіце творчых сіл. Але жыццё вялікага паэта працягваецца. Пасля перамогі Дзевятага Верасня ён стаў у Балгарыі самым папулярным і любімым паэтам. Стаў гордасцю і славай народа. У гісторыі балгарскай паэзіі яго імя стала ў адзін шэраг з імёнамі Ракоўскага, Славейкава, Боцева, Вазава, Яварава, Дэбелянава, Смірненскага, Мілева.

На скрыжалях чалавечай памяці такія імёны не паддаюцца разбуральнай сіле часу.

3. Паэзія Вапцарава на шляху да беларускага чытача

Імя і творчасць Ніколы Вапцарава ў Беларусі напачатку было вядома толькі па рускіх перакладах і прысвечаных Балгарыі літаратурна-публіцыстычных артыкулах. Першыя пераклады яго вершаў на беларускай мове паявіліся ў рэспубліканскім друку ў другой палавіне 50-х гадоў. Але, на жаль, гэта былі пераклады з перакладаў — крыніцай іх было рускае выданне 1952 года, і таму гаварыць аб сур'ёзным творчым асваенні Вапцараўскага верша ў тую пару на беларускай мове не прыходзіцца. Такое асваенне — з мовы арыгінала — пачалося крыху пазней, у пачатку 60-х гадоў, калі ўстала пытанне аб выданні ў Беларусі анталогіі балгарскай паэзіі. Анталогія гэта, пад назвай «Ад стром балканскіх», выйшла ў 1965 годзе, і ў ёй Вапцараў прадстаўлены такімі вершамі, як «Вера», «Пісьмо» («Ты помніш...»), «Зямля», «Збудуем завод», «Сельская хроніка», «Развітальнае», «Перадсмяротнае» і інш. Потым у беларускай перыёдыцы паявіліся яшчэ некаторыя пераклады з Вапцарава. У 1978 годзе выйшла анталогія балгарскай паэзіі «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», прысвечаная 100-годдзю вызвалення Балгарыі,— у ёй Вапцараў прадстаўлены такім вядомым і значным творам, як «Даклад». 1979 год у сваёй працоўнай біяграфіі я мог бы з поўным правам назваць «Вапцараўскім» — ён амаль увесь прысвечаны працы над беларускай кнігай яго паэзіі. Да юбілею паэта падборкі яго вершаў былі апублікаваны ў часопісах «Полымя» і «Маладосць», у газетах «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена».