Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 57

Ніл Гілевіч

Талент Вапцарава па сваёй прыродзе лірычны, хаця ў вершы ён нярэдка ўводзіць апавядальны элемент у выглядзе маленькага расказа, паведамлення або кароткага ўспаміну аб якім-небудзь эпізодзе ці выпадку з жыцця. Гэтыя апавядальныя элементы заўсёды падпарадкаваны агульнай стыхіі лірызму — моцнай і магутнай, якою ўпэўнена валодае паэт і якая непадзельна авалодвае чытачом. Танальнасць Вапцараўскага лірызму адрозніваецца незвычайнай для партыйнай паэзіі тых гадоў шырынёй — ад мужна суровай, трыбунна публіцыстычнай да задуніэўна пяшчотнай і зусім інтымнай. Вось характэрныя радкі верша «Гісторыя»:

Жыццё без жалю жорсткай лапай нас па ратах галодных біла, таму і наш язык шурпатым, непаваротлівым зрабіла. Таму і песня, што складаем, не тхне салодкаю парфумай: у сна яе мы выкрадаем — выходзіць сціслай і пахмурай.

Сказана па-салдацку проста і сурова, без ценю позы або самалюбавання (хаця аўтар размаўляе з гісторыяй!). Інтанацыі цалкам адпавядае мова — сапраўды «шурпатая», далёкая ад рафініраванай вытанчанасці, але рэалістычна дакладная і строгая. Зусім іншая танальнасць і іншая мова ў знакамітым «Развітальным», напісаным у турме, за тры месяцы да расстрэлу, і прысвечаным жонцы:

Я буду ў сны твае прыходзіць зрэдку, як госць далёкі ў мілы сэрцу край. Не прымушай мяне чакаць дарэмна — дзвярэй на засаўку не запірай! Зайду цішком, прысяду моўчкі блізка, у змроку позіркам цябе знайду: нагледзеўшыся, пахілюся нізка, нячутна пацалую і пайду.

У цэлым для паэтычнага стылю Вапцарава чужыя натуралістычнасць і прыземленасць. Наадварот, лірычная атмасфера яго вершаў, пры ўсёй яе прастаце і натуральнасці, вызначаецца рэвалюцыйна-рамантычнай прыўзнятасцю.

Цікавы і своеасаблівы рытміка-інтанацыйны рысунак Вапцараўскага верша. Разлічаны па форму непасрэднага звароту і жывой размовы з чытачом, верш паэта нярэдка выкарыстоўвае свабодную размоўную інтанацыю, адчаю і групаванне радкоў рознай даўжыні таксама бывае часам даволі свабодным — аж да разбіўкі «лесвіцай». Але гэтыя характэрныя вапцараўскія мадуляцыі ажыццяўляюцца ў межах сілаба-тонікі — на чыста інтанацыйны, танічны верш паэт не пераходзіць. Не адмаўляецца ён і ад рыфмы, якая ў яго, у поўнай адпаведнасці з рухомай рытмічнай арганізацыяй і страфічнай раскаванасцю, таксама вызначаецца свабодным размяшчэннем і незахоўваннем класічнай строгасці гучання, прыблізнасцю і непаўнатой.

Безумоўна, што ў выпрацоўцы новых прынцыпаў рытмічнай пабудовы верша Вапцараў не абышоўся без творчага вопыту буйнейшага рэфарматара паэтычнай мовы Уладзіміра Маякоўскага. Зрэшты, уплыў апошняга адчувальны не толькі ў галіне формы — яшчэ больш відочны ён у ідэйным змесце Вапцараўскай паэзіі. Гэтак жа, як і ўплыў Максіма Горкага, на смерць якога Вапцараў адклікнуўся вялікім усхваляваным вершам.